Мінск 10:41

Губернатар Прымор’я: Праект стварэння беларускага порта адкладзены з фінансавых прычын

Крыніца: e-cis.info

11 сакавіка, Позірк. Праект стварэння беларускага порта ў Прымор’і адкладзены з фінансавых прычын, паведаміў падчас візіту ў Мінск кіраўнік гэтага расійскага рэгіёна Алег Кажамяка.

“Мы тыя праекты па порце нікуды не прыбіраем. Мы іх адклалі, таму што рэальнасць цяпер — гэта высокая банкаўская стаўка, якая, безумоўна, ляжа на інфраструктуру, кошт транзіту. Таму пачакаем таго часу, калі яна знізіцца да разумных межаў. Зыходзячы з гэтага, мы працягнем гэтую працу”, — цытуюць Кажамяку дзяржСМІ.

Паводле яго слоў, гэтая тэма застаецца ў парадку дня перамоў, у тым ліку і з кіраўніцтвам Беларусі. “Мы гэтыя пытанні таксама абмяркоўваем, трымаем у рэзерве. У нас гатовыя партнёры з расійскага боку, з кітайскага, з беларускага. Будзем спадзявацца, што напрыканцы 2025 года — пачатку 2026 года адбудуцца змены ключавой стаўкі (зараз яна складае 21%. — “Позірк”.), і тады мы зможам увайсці ў гэты праект”, — сказаў чыноўнік.

Пра планы стварэння беларускага порта ў Прымор’і паведамлялася падчас папярэдніх візітаў Кажамякі ў Мінск. Гаварылася, што праект будзе рэалізаваны сумесна Расіяй, Беларуссю і Кітаем.

Раней адзначалася, што краявы порт Прымор’я патрэбны Беларусі як важны пункт на транзітным шляху ў Кітай. На пачатку 2024 года ў рэгіёне пабывала каманда спецыялістаў з Беларусі, якія маюць досвед у рэалізацыі партовых праектаў.

Летась 11 верасня міністр транспарту і камунікацый Аляксей Ляхновіч паведаміў, што Беларусь выкарыстоўвае для перавалкі сваёй прадукцыі 14 расійскіх партоў.

Неабходнасць у перавалцы грузаў праз расійскія парты ўзнікла ў сувязі з заходнімі санкцыямі і адмовай літоўскіх партоў супрацоўнічаць з Мінскам.

Беларускія ўлады разлічваюць амаль утрая павялічыць перавалку калію праз парты на паўночным захадзе РФ — дакумент

Апублікавана на адкрытай версіі "Позірку" 10 сакавіка ў 19.48. 10 сакавіка, Позірк. Улады ў Мінску разлічваюць на значнае павелічэнне аб'ёмаў перавалкі грузаў праз марскія парты на паўночным захадзе Расіі, вынікае са службовага ліста міністра транспарту і камунікацый Аляксея Ляхновіча, накіраванага …
Падзяліцца: