Мінск 00:52

Лукашэнка адклаў на нявызначаны тэрмін увод у эксплуатацыю Нацыянальнага стадыёна, які будуецца на сродкі Кітая

Макет Нацыянальнага стадыёна
Крыніца: noc.by

12 сакавіка, Позірк. Здача ў эксплуатацыю Нацыянальнага стадыёна, які будуецца ў Мінску на сродкі Кітая, перанесеная на нявызначаны тэрмін, вынікае з указа Аляксандра Лукашэнкі № 102 ад 10 сакавіка.

Дакумент апублікаваны 12 сакавіка на Нацыянальным прававым партале.

Лукашэнка ўнёс змены ва ўказ № 306 ад 13 жніўня 2019 года, выключыўшы з яго словы “да 31 снежня 2024 года”, якія тычацца заканчэння тэрмінаў будаўніцтва.

У новай рэдакцыі ўказа гаворыцца: “Датай уводу стадыёна і аб’ектаў у эксплуатацыю лічыцца дата падпісання акта тэхнічнай перадачы”.

Пры гэтым будаўніцтва аб’ектаў інфраструктуры каля стадыёна, згодна з дакументам, “павінна быць завершана да 1 кастрычніка 2025 года”.

Раней паведамлялася, што ў Мінску за кошт кітайскага капіталу будуць пабудаваны два спартыўныя аб’екты міжнароднага ўзроўню — басейн і футбольны стадыён.

Басейн са спазненнем амаль на год быў уведзены ў эксплуатацыю 6 лістапада 2024 года. Аб’ект мае ўмяшчальнасць 6 тыс. глядацкіх месцаў, плошча — 40 тыс. метраў квадратных, вышыня — 31 метр. У будынку пяць водных чараў рознага памеру. На яго адкрыцці Лукашэнка заявіў, што “помнік [старшыні КНР] Сі Цзіньпіну трэба паставіць тут”, “трэба прадумаць кампазіцыю пракітайскую каля стадыёна”.

“У бліжэйшы час вы ўбачыце ў Мінску яшчэ адзін цуд, напэўна, больш значны, праўда, для футбалістаў”, — падкрэсліў ён.

26 студзеня на прэс-канферэнцыі ён адзначыў, што адкрыццё арэны адбудзецца “да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”, якое будзе адзначацца 9 траўня.

СМІ паведамлялі, што 24 траўня гэтага года на Нацыянальным стадыёне пройдзе фінальны матч Кубка Беларусі.

Завяршыць будаўніцтва стадыёна да канца 2024 года Лукашэнка распарадзіўся 5 кастрычніка 2023-га.

Указ аб будаўніцтве стадыёна і басейна на сродкі Кітая Лукашэнка падпісаў летам 2018 года. Згодна з праектам, умяшчальнасць стадыёна складзе 33.000 гледачоў.

У верасні 2022 года Лукашэнка заявіў, што спартыўныя аб’екты ў Мінску “кітайцы нам будуюць бясплатна”. “Лепш не будавалі б [стадыён], як яны (футбалісты. — “Позірк.) гуляюць. Але яны будуюць і басейн за свае грошы. Нацыянальны. Гэта будзе супер. Найбліжэйшым часам скончаць”, — сказаў Лукашэнка.

Раней аб’екты планавалі здаць у эксплуатацыю ў 2023 годзе, але тэрміны былі перасеныя.

Пасля падзей 2020 года і пачатку вайны ва Украіне супраць беларускага спорту былі ўведзеныя санкцыі. У выніку ў Беларусі сёння практычна не праводзяцца міжнародныя спаборніцтвы.

Падзяліцца: