Мінск 14:04

За ноч літоўскія памежнікі прызямлілі чатыры дроны з кантрабанднымі цыгарэтамі з Беларусі

Фота: САДМ Літвы

13 сакавіка, Позірк. У ноч на 11 сакавіка літоўскія памежнікі прызямлілі чатыры дроны, якія транспартавалі кантрабандныя цыгарэты з Беларусі, паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы балтыйскай дзяржавы.

Адзін выпадак адбыўся ў раёне вёскі Мікаілішкяй (Шальчынінкайскі раён), прыкладна за 300 метраў ад мяжы з Беларуссю. З дапамогай прыбора начнога бачання памежнікі выявілі беспілотнік з грузам, які ляцеў з беларускага боку на невялікай вышыні. Яго пасадзілі з дапамогай антыдроннага абсталявання.

Да шасціматорнага беспілотніка быў прымацаваны пакунак з 1 тыс. пачкаў беларускіх цыгарэт NZ Gold (кошт з улікам падаткаў — 4.480 еўра).

Непадалёк ад месца пасадкі дрона памежнікі сустрэлі 24-гадовага жыхара Шальчынінкайскага раёна. Распачатае адміністрацыйнай разбіральніцтва, высвятляецца, ці меў намер мужчына забраць кантрабандны груз.

У тую ж ноч памежнікі пачулі ў раёне вёскі Далінінкай (Швянчонскі раён) гук беспілотніка, што ляцеў з боку Беларусі. У іх атрымалася пасадзіць тры дроны. На месцы пасадкі, прыкладна за 1.400 м ад мяжы, знайшлі груз — 1 тыс. пачкаў цыгарэт Minsk Superslims з беларускімі акцызамі.

Падчас агляду мясцовасці былі заўважаныя два аўтамабілі, якія пры з’яўленні памежнікаў пачалі з’язджаць. У аднаго атрымалася з’ехаць, аднак кіроўцу і пасажыра другога аўто — жыхароў Вільнюса — пасля пагоні затрымалі. Пасля допыту іх адпусцілі, папярэдне абавязаўшы прыйсці праз тры тыдні на разгляд шэрагу адміністрацыйных спраў.

У апошні час фіксуецца ўсё больш спробаў перапраўкі кантрабандных грузаў з Беларусі ў Літву па паветры. На пачатку сакавіка літоўская памежная служба паведаміла, што з пачатку года было перахоплена 99 партый кантрабандных цыгарэт, дастаўленых з Беларусі з дапамогай паветраных шароў (за ўвесь 2024 год — 226, 2023 — тры, 2022 — аніводнай).

Падзяліцца: