Мінск 05:23

Лукашэнка: Калі нам давядзецца выбіраць, мы заўсёды будзем на баку нашай Расіі

14 сакавіка, Позірк. “Калі нам давядзецца выбіраць, мы заўсёды будзем на баку нашай Расіі“, — заявіў 14 сакавіка ў Савеце Федэрацыі Федэральнага сходу РФ Аляксандр Лукашэнка, які падтрымлівае Крэмль у вайне супраць Украіны.

Паводле яго слоў, так ён адказвае на любыя прэтэнзіі адносна падтрымкі Расіі з боку Беларусі.

“Шмат гадоў таму, можа, хто памятае, я сказаў, што Беларусь ніколі не дазволіць нанесці ўдар у спіну свайму старэйшаму брату, рускаму чалавеку, маючы на ўвазе расіян. Не здраджваем мы гэтаму абяцанню і сёння, надзейна абараняючы і ахоўваючы наш саюз. Мы не дрэйфуем ні ў адзін, ні ў другі бок“, — заявіў Лукашэнка.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што Беларусь заўсёды праводзіла і праводзіць шматвектарную палітыку, будуе адносіны з Кітаем, зацікаўленая ва ўсебаковым супрацоўніцтве з краінамі СНД, ШАС, БРІКС.

“Нам трэба гандляваць з дзяржавамі Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі. Мы хочам добрых адносін з суседняй Еўропай, са Злучанымі Штатамі Амерыкі. Але заўсёды галоўным прыярытэтам былі і будуць нашы асаблівыя, самыя блізкія, братэрскія адносіны з вамі, з Расіяй. <…> Беларусь Расію ў адзіноце ніколі не пакіне гэтак жа, як Расія не пакіне нашу Беларусь. Гэта выбар беларускага народа“, — заявіў Лукашэнка, які ўтрымаўся пры ўладзе пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года дзякуючы сілавому апарату.

Лукашэнка адзначыў паспяховае супрацоўніцтва з РФ у ваеннай сферы і паабяцаў, што ў Беларусі могуць зрабіць тое, што трэба Расіі, ва ўсіх сферах эканомікі.

Да гэтай пары за 30 гадоў свайго кіравання Лукашэнка выступаў у Федэральным сходзе РФ толькі адзін раз — 28 кастрычніка 1999 года.

Падзяліцца: