Мінск 21:33

Беларусь і РФ збіраюцца заснаваць механізм сталых кансультацый па кантролі за экспартам узбраенняў

Беларускае РСЗА "Паланэз"
Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Мінабароны

15 сакавіка, Позірк. Урад Беларусі ўхваліў у якасці асновы для перагавораў праект пратакола да пагаднення з Расіяй аб адзіным парадку экспартнага кантролю, вынікае з пастановы Савета міністраў № 150 ад 14 сакавіка.

Згодна з дакументам, апублікаваным 15 сакавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, перагаворы па праекце пратакола будзе праводзіць Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт. Ведамству дазволена ўносіць у яго праўкі непрынцыповага характару.

Праект пратакола прадугледжвае заснаванне “механізму двухбаковых рэгулярных кансультацый па пытаннях экспартнага кантролю”.

Прадугледжваецца, што кансультацыі дэлегацый (з беларускага боку — прадстаўнікі Дзяржкамваенпрама, з расійскага — намеснікі дырэктара Федэральнай службы па тэхнічным і экспартным кантролі) будуць праводзіцца па чарзе ў Беларусі і РФ не радзей як адзін раз на паўгода.

У рамках кансультацый бакі маюць намер сярод іншага абменьвацца інфармацыяй пра нацыянальную палітыку ў галіне рэгулявання знешнеэканамічнай дзейнасці адносна матэрыялаў, абсталявання, тэхналогій і паслуг, якія падлягаюць экспартнаму кантролю, “забяспечваючы гарманізацыю адпаведных нацыянальных сістэм і механізмаў”.

Дэлегацыі таксама будуць абменьвацца інфармацыяй пра “актуальныя рызыкі і пагрозы <…> пры ліцэнзаванні знешнеэканамічных аперацый” з прадукцыяй, якая падлягае экспартнаму кантролю, а таксама “пра падыходы да супрацьдзеяння такім выклікам, у тым ліку ў дачыненні да краін, якія праводзяць недружалюбную палітыку” ў дачыненні да Беларусі і РФ ды інш.

Урады Беларусі і Расіі падпісалі пагадненне аб адзіным парадку экспартнага кантролю 13 красавіка 1999 года ў Мінску, каб “стварыць узаемавыгадныя ўмовы для ўзаемнага гандлю і гандлю з трэцімі краінамі”, “забяспечыць абарону нацыянальных інтарэсаў” дзвюх дзяржаў. Пры гэтым, згодна з дакументам, бакі кіраваліся “мэтамі і прынцыпамі нераспаўсюду зброі масавага знішчэння і ракетных сродкаў яе дастаўкі” і ўлічвалі, што “экспартны кантроль неабходны ў першую чаргу для гарантавання нацыянальнай бяспекі” Беларусі і РФ.

Тым пагадненнем бакі дамовіліся “супрацоўнічаць па пытаннях кантролю за экспартам асобных відаў матэрыялаў, абсталявання, тэхналогій і паслуг, якія могуць быць выкарыстаныя пры распрацоўцы і стварэнні зброі масавага знішчэння і ракетных сродкаў яе дастаўкі, а таксама іншых відаў узбраенняў і вайсковай тэхнікі”.

У прыватнасці яны пагадзіліся “ўніфікаваць нацыянальныя заканадаўствы”, якія рэгулююць гандаль згаданымі відамі прадукцыі.

“Бакі будуць ажыццяўляць экспартны кантроль, у тым ліку шляхам ліцэнзавання і мытнага кантролю за экспартам, на падставе нацыянальных уніфікаваных спісаў асобных відаў матэрыялаў, абсталявання, тэхналогій і паслуг, якія падлягаюць экспартнаму кантролю бакоў”, — гаворыцца ў пагадненні.

У дакуменце першапачаткова быў замацаваны намер бакоў кансультавацца адзін з адным па пытаннях экспартнага кантролю, але без дакладнага вызначэння таго, як гэта павінна адбывацца.

Падзяліцца: