Мінск 02:02

Сельгасвытворчасць у студзені — лютым вырасла на 1,2%, сведчыць афіцыйная статыстыка

Ілюстрацыйнае фота: Wolfgang Mennel / unsplash.com

17 сакавіка, Позірк. Вытворчасць прадукцыі ў гаспадарках усіх катэгорый (сельгасарганізацый, фермерскіх, насельніцтва) у студзені — лютым 2025 года ў наяўных цэнах склала 3 млрд 490,9 млн рублёў — у супастаўных цэнах на 1,2% больш, чым за аналагічны перыяд 2024-га, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

Сёлета ў студзені рост складаў 3,3%.

У гаспадарках усіх катэгорый выраблена жывёлы і птушкі (у жывой вазе) 296,2 тыс. т (у студзені — лютым 2024-га — 298,2 тыс.; -0,7%), малака — 1 млн 433,1 тыс. т (1 млн 392,2 тыс.; +2,9%).

Запазычанасць па рублёвых і валютных крэдытах, выдадзеных банкамі арганізацыям сельскай, лясной і рыбнай гаспадарак на 1 лютага склала 4 млрд 310,9 млн рублёў (+18,9% у гадавым вымярэнні), пратэрмінаваная — 43,3 млн рублёў (рост у 2,6 раза).

Намінальны налічаны сярэдні заробак работнікаў галіны ў студзені 2025 года склаў 1.933 рублі — на 20,4% менш за сярэдні па краіне (2.427,4).

Па выніках 2024 года Беларусь заняла трэцяе месца ў Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС) паводле дынамікі вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, сведчыць праведзенае “Позіркам” параўнанне даных дэпартамента статыстыкі Еўразійскай эканамічнай камісіі.

У цэлым па саюзе зафіксавана падзенне на 0,3%. У Расіі яно склала 3,2%. У астатніх дзяржавах адзначана павелічэнне сельгасвытворчасці: у Казахстане — на 13,7%, Кыргызстане — на 6,3%, Беларусі — на 3,4%, Арменіі — на 1,9%.

Беларусь лідзіравала ў ЕАЭС паводле гэтага паказчыку ў студзені (+4,3%), студзені — лютым (+6,9%), студзені — сакавіку (+6,8%), студзені — красавіку (+6,9%), студзені — траўні (+8,1%), студзені — чэрвені (10,2%), студзені — ліпені (18,1%); у студзені — жніўні была другой (+10,2%); у студзені — верасні, студзені — кастрычніку, студзені — лістападзе і студзені — снежні — трэцяй (+5,1%, +3,2%, +3,3% і +3,4% адпаведна).

Падзяліцца: