Мінск 04:19

Вайскоўцы Беларусі і РФ абмеркавалі запрашэнне назіральнікаў на вучэнні “Захад-2025”

Міністр абароны Віктар Хрэнін падчас назірання за вучэннямі
Архіўнае фота: прэс-служба Мінабароны

18 сакавіка, Позірк. Тэмы глабальнай і рэгіянальнай бяспекі, двухбаковай супрацы ва ўмовах цяперашняй ваенна-палітычнай абстаноўкі абмяркоўвалі 18 сакавіка ў Мінску ўдзельнікі 63-га пасяджэння кансультатыўнай групы міністэрстваў абароны Беларусі і РФ па пытаннях кантролю над узбраеннямі.

У сустрэчы таксама ўдзельнічалі прадстаўнікі міністэрстваў замежных спраў дзвюх краін.

Начальнік Дэпартамента міжнароднай вайсковай супрацы (МВС) — памочнік міністра абароны Беларусі па пытаннях МВС Валерый Равенка паведаміў па выніках пасяджэння, што на ім сярод іншага абмеркавалі пытанні “транспарэнтнасці на вучэннях “Захад-2025”: “Каго запрашаць, якія дзяржавы на тэрыторыі як Рэспублікі Беларусь, так і Расійскай Федэрацыі”.

“Адно з пытанняў, што абмяркоўваюцца, — верыфікацыя ў постканфліктны перыяд на тэрыторыі Украіны. Тут мы знайшлі канструктыўныя падыходы па сумеснай дзейнасці Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь, — заявіў ён. — Было абмеркавана кола пытанняў па рэалізацыі мер даверу і бяспекі ў рамках Венскага дакумента 2011 года. Зверылі пазіцыі, зверылі погляды. У тым ліку мы давялі пытанні рэгіянальных мер даверу і бяспекі з нашымі суседзямі: Рэспублікай Польшчай, Літвой і Латвіяй”.

“Мы будзем працягваць нашу дзейнасць па збліжэнні пазіцый і зніжэнні напружанасці на межах беларускай дзяржавы. То бок прапановы, якія мы вылучылі Польшчы па пытаннях верыфікацыйнай дзейнасці на глыбіню да 80 кіламетраў, застаюцца ў сіле”, — дадаў Равенка.

Стратэгічныя беларуска-расійскія вучэнні “Захад-2025” пройдуць у сярэдзіне верасня на тэрыторыі Беларусі.

У інтэрв’ю тэлеканалу “ВаенТБ” на пачатку студзеня Равенка паведаміў, што да манеўраў плануецца прыцягнуць больш за 13 тыс. чалавек. З гэтай прычыны ўлады ў Мінску “былі абавязаныя і ўжо апавясцілі ўсе дзяржавы — удзельнікаў Венскага дакумента” пра намер правесці такія манеўры, а таксама калі яны адбудуцца і якая іх колькасць.

Паводле яго слоў, “задума выпрацоўваецца, каго [з вайсковых назіральнікаў] запрасіць на якія этапы”. “Мы ставімся станоўча і да шэрагу дзяржаў — членаў Еўрасаюза, асобных краін — членаў НАТО”, — заявіў Равенка. У той жа час, вынікала з яго слоў, да назірання плануецца запрасіць дэлегацыі “саюзнікаў, сяброў, партнёраў” рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Расійскія войскі, якія прыбылі на беларускую тэрыторыю для ўдзелу ў вучэннях “Саюзная рашучасць — 2022”, пасля іх заканчэння не былі з яе выведзеныя і выкарыстоўваліся для ўварвання ва Украіну 24 лютага 2022 года.

Падзяліцца: