Мінск 02:33

У Магілёве асудзілі пяцярых мужчын за падпал гандлёвага кіёска ў жніўні 2020 года

Фота: onliner.by Фота: onliner.by

20 сакавіка, Позірк. Суд Ленінскага раёна Магілёва 12 сакавіка вынес прыгавор па справе пецярых мужчын, якіх абвінавачвалі ў падпале гандлёвага кіёска ў жніўні 2020 года, паведамляе праваабарончы тэлеграм-канал MAYDAY.TEAM.

Яўген Пуцанкоў, Ян Рагаўцоў, Юрый Галачкін, Віктар Ічэнскі і Аляксандр Ігнаценка прызнаныя вінаватымі паводле ч. 2 арт. 218 (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне чужой маёмасці) і ч. 3 арт. 339 (хуліганства) Крымінальнага кодэкса.

Паводле звестак праваабаронцаў, фігуранты справы прыгавораныя да пазбаўлення волі на тэрміны ад трох да шасці гадоў.

Адзначаецца, што на момант суда двое адбывалі пакаранне ў калоніях па раней вынесеных прыгаворах. Як мяркуецца, гаворка ідзе пра Пуцанкова і Рагаўцова. Першы ў 2023 годзе быў асуджаны судом Касцюковіцкага раёна (Магілёўская вобласць) за махлярства, другі ў 2024-м быў абвінавачаным па справе аб махлярстве і крадзяжы ў судзе Крычаўскага раёна (Магілёўская вобласць).

Паводле версіі абвінавачвання, у жніўні 2020 года “ў цёмны час сутак” пяцёра абвінавачаных “дамовіліся паміж сабой аб здзяйсненні злачынстваў”. Затым, “знайшоўшы неабходныя для гэтага сродкі, падпалілі гандлёвы кіёск у адным са спальных раёнаў Магілёва”.

Узгаранне было ліквідавана супрацоўнікамі МНС — пацярпелі толькі панэлі сцен кіёска.

У 2020 годзе адной з формаў пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і міліцэйскага гвалту былі падпалы кіёскаў тытунёвай сеткі “Табакерка”, якая належыць набліжанаму да Аляксандра Лукашэнкі прадпрымальніку Аляксею Алексіну.

У Беларусі не спыняецца пераслед за ўдзел у падзеях 2020 года.

Падзяліцца: