Мінск 20:54

Знешнепалітычныя ведамствы Беларусі і Сербіі абмеркавалі развіццё палітычнага дыялогу і гандлю

Фота: МЗС Беларусі

21 сакавіка, Позірк. Чарговы раунд кансультацый правялі 20 сакавіка ў Бялградзе прадстаўнікі знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Сербіі, паведамляе прэс-служба беларускага Міністэрства замежных спраў.

Адзначаецца, што беларускую дэлегацыю ўзначаліў намеснік кіраўніка МЗС Юрый Амбразевіч, сербскую — дзяржсакратар МЗС Дам’ян Ёвіч. Акрамя таго, беларускія візіцёры сустрэліся з кіраўніком сербскай дыпламатыі Марка Джурычам.

“У рамках кансультацый бакі абмеркавалі актуальныя пытанні беларуска-сербскіх стасункаў, уключаючы развіццё палітычнага дыялога і гандлёва-эканамічнай супрацы, пашырэнне дагаворна-прававой базы, узаемадзеянне Мінска і Бялграда на міжнародных пляцоўках, а таксама ў гуманітарнай сферы”, — паведамляе МЗС Беларусі.

Амбразевіч, паводле інфармацыі ведамства, таксама сустрэўся з Ненадам Попавічам — міністрам без партфеля, які адказвае за міжнародную эканамічную супрацу і сацыяльнае становішча царквы ў краіне і за мяжой; членамі “групы сяброўства з Беларуссю” ў Народнай скупшчыне Сербіі, прадстаўнікамі сербскіх “дзелавых і экспертных колаў”.

“У ходзе праведзеных сустрэч і перагавораў быў пацверджаны традыцыйна дружалюбны характар ​​беларуска-сербскіх стасункаў, узаемная нацэленасць на далейшае пашырэнне двухбаковай супрацы”, — сцвярджае МЗС.

Наведаць Беларусь прэзідэнта Сербіі Аляксандра Вучыча запрасіў 15 лютага Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, Мінск і Бялград “прыярытэтную ўвагу надаюць гандлёва-інвестыцыйным праектам, гуманітарнай супрацы, пераемнасці традыцыйных каштоўнасцей”. Лукашэнка таксама заявіў пра падтрымку “ў справах суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Сербіі”.

Сербія з’яўляецца кандыдатам на ўступленне ў Еўрасаюз. У 2021 годзе Бялград далучыўся да санкцый ЕС супраць Мінска, пасля расійскага ўварвання ва Украіну падтрымаў наступныя пакеты абмежаванняў. Напрыканцы студзеня 2022 года беларускі ўрад распаўсюдзіў на Сербію прадуктовае эмбарга, уведзенае ў адказ на санкцыі. Пры гэтым Сербія 25 кастрычніка 2019 года падпісала пагадненне аб зоне свабоднага гандлю з Еўразійскім эканамічным саюзам, у які ўваходзіць Беларусь. Дакумент набыў моц 10 ліпеня 2021 года.

Вучыч быў першым сярод кіраўнікоў еўрапейскіх дзяржаў, якія павіншавалі Лукашэнку з “перамогай на выбарах” 26 студзеня 2025 года. Ён зрабіў гэта двума днямі пазней.

Вучыч і Лукашэнка ўзаемна наведвалі Мінск і Бялград у 2019 годзе. Іх апошняя на гэты момант сустрэча адбылася летась у лістападзе ў Баку (Азербайджан) на палях Сусветнага кліматычнага саміту.

У 2017 годзе прэзідэнт Сербіі наведваў Беларусь у якасці прэм’ер-міністра краіны.

Падзяліцца: