Мінск 12:14

У войсках сувязі 24–28 сакавіка праходзяць заняткі “з улікам досведу сучасных узброеных канфліктаў”

Ілюстрацыйнае фота: агенцтва "Мінск-Навіны"

24 сакавіка, Позірк. Кантрольныя заняткі па тактыка-спецыяльнай падрыхтоўцы праходзяць 24–28 сакавіка ў войсках сувязі, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

Мерапрыемствамі кіруе начальнік сувязі Узброеных сіл — начальнік упраўлення сувязі Генеральнага штаба Вадзім Раманіў.

Паведамляецца, што падчас заняткаў будуць выпрабаваныя “новыя формы і спосабы арганізацыі сувязі і баявога прымянення вузлоў сувязі пунктаў кіравання з улікам досведу сучасных узброеных канфліктаў”.

З 3 лютага ў Беларусі праводзіцца праверка боегатоўнасці арміі. Яе мэтай, як раней адзначала Мінабароны, з’яўляецца праверка здольнасці камандзіраў кіраваць сваімі падраздзяленнямі пры вядзенні абарончага бою.

У рамках праверкі боегатоўнасці Узброеных сіл з запасу на зборы прызвана каля 5 тыс. ваеннаабавязаных, паведаміў 5 сакавіка начальнік Генеральнага штаба УС — першы намеснік міністра абароны Павел Муравейка.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэнні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэння стасункаў з Захадам і поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль.

У лютым 2022 года ўварванне ажыццёўлена ў тым ліку з беларускай тэрыторыі.

21 ліпеня таго ж года ў інтэрв’ю французскаму інфармацыйнаму агенцтву “Франс Прэс” Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што з Беларусі ва Украіну была ўведзена 20-тысячная групоўка расійскіх войскаў. Пасля паўночныя тэрыторыі былі вызваленыя.

Падзяліцца: