Мінск 14:27

Латушка: Мы набліжаем той дзень, калі ў Беларусі будзе зноў лунаць дзяржаўны бел-чырвона-белы сцяг

Фота: АПК

25 сакавіка, Позірк. Дзень Волі з’яўляецца “сімвалам незалежнасці Беларусі, сімвалам барацьбы беларусаў за свабоду”, заявіў намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, выступаючы на арганізаваным Міністэрствам замежных спраў Польшчы ўрачыстым прыёме з нагоды 107-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР).

Сустрэча прайшла 25 сакавіка, акрамя польскіх дыпламатаў і палітыкаў, у ёй узялі ўдзел прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці ў выгнанні.

“Рэжым Лукашэнкі ўжо больш за 30 гадоў спрабуе сцерці гэтую дату з нашай памяці. У гэтым годзе ён нават прызначыў сваю фальшывую інаугурацыю на 25 сакавіка. Але ён марна мяркуе, што здолее скрасці ў нас гэты дзень, таму што гэты дзень належыць нацыі. Гэта наша гісторыя, але і наша будучыня”, — адзначыў Латушка.

“Сёння мы павінны аддаць даніну павагі усім беларусам, якія змагаліся за вольную Беларусь: паўстанцам Кастуся Каліноўскага, удзельнікам Слуцкага збройнага чыну, дэпутутуам Вярхоўнага Савета 12-га склікання. Усім, хто вёў барацьбу з дыктатурай Лукашэнкі, хто выйшаў на вуліцы ў 2020 годзе, хто выступіў супраць вайны ў 2022-м, хто змагаецца за Украіну, хто пакутуе ў турмах рэжыму. Усім, хто не спыніўся ў Беларусі і ў эміграцыі”, — дадаў палітык.

Латушка заявіў, што ганарыцца прыналежнасцю да беларускага народа, які ў будучыні “адновіць сваё права вырашаць свой лёс”.

“У рэжыму Лукашэнкі не атрымаецца нас запужаць. Наша воля мацнейшая чым страх”, — сказаў ён.

“Няма сумневу, што зараз беларусы у Беларусі, нягледзячы на рэпрэсіі, адзначаюць Дзень Волі. У сваіх дамах, у коле сяброў і родных. Я ўпэўнены, что ў Беларусі гучаць словы “Жыве Беларусь!”, іх не заглушаць ні прысуды, ні турмы, ні пагрозы”, — падкрэсліў палітык.

Паводле яго меркавання, рэжым баіцца беларускай эміграцыі: “Лукашэнкаўская прапаганда пагардліва называе нас “збеглымі”. Але чаму ж яны так баяцца нас, спрабуюць рэпрэсаваць нават за мяжой? Яны ведаюць: эміграцыя можа адыграць важную ролю ў адраджэнні дзяржавы”.

“Мы працягваем нашу барацьбу, будуем структуры грамадзянскай супольнасці, ствараем новыя медыя і культурніцкія праекты. Мы будуем палітычныя інстытуты, нашу дэмакратычную альтэрнатыву рэжыму — Аб’яднаны пераходны кабінет, Каардынацыйную раду”, — удакладніў Латушка.

Паводле яго слоў, усё “гэта — аснова для будучага дэмакратычнага транзіту, адраджэння беларускай незалежнасці, якую значна падарвалі гады лукашызму”.

“Я веру, што мы разам набліжаем той дзень, калі бел-чырвона-белы сцяг будзе зноў лунаць па-над нашай краінай як дзяржаўны сцяг вольнай Беларусі”, — падсумаваў палітык.

У Беларусі Дзень Волі афіцыйна не адзначаецца. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года любыя спробы публічна адзначыць Дзень Волі заканчваюцца затрыманнямі і наступнымі судамі, як мінімум па адміністрацыйных абвінавачаннях. Гістарычныя падзеі, звязаныя з БНР, паслядоўна дэманізуюцца дзяржаўнай прапагандай. Нацыянальныя сімвалы названыя “калабарацыянісцкімі”, “нацысцкімі” і фактычна абвешчаныя па-за законам. Значэнне БНР для беларускай дзяржаўнасці лічыцца перабольшаным, а сама рэспубліка пазіцыянуецца як “марыянеткавае” ўтварэнне, створанае пад германскім пратэктаратам у завяршальнай фазе Першай сусветнай вайны.

Падзяліцца: