Мінск 11:14

Праваабаронцы і актывісты правялі ў Варшаве мітынг супраць фальсіфікацыі выбараў у Беларусі і інаўгурацыі Лукашэнкі

Фота: "Позірк"

26 сакавіка, Позірк. Мітынг супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі правялі вечерам 25 сакавіка ў Варшаве праваабарончы цэнтр “Вясна” і рух салідарнасці “Разам”. Акцыя адбылася ў 107-ю гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Адкрываючы мітынг, прадстаўнік “Вясны” Зміцер Салаўёў адзначыў, што Лукашэнка пачаў парушаць заканадаўства ўжо на наступны год пасля свайго абрання на пасаду, прызначыўшы ў 1995 годзе незаконны рэферэндум, супраць якога пратэставалі дэмакратычна абраныя дэпутаты парламента. У ноч на 12 красавіка іх збілі прадстаўнікі лукашэнкаўскіх спецслужб у будынку тагачаснага Вярхоўнага Савета.

“І пасля ніводныя з выбараў ці рэферэндумаў у Беларусі не былі вольнымі і дэмакратычнымі, а Віктара Ганчара, які быў старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіі і адмовіўся прызнаваць сфальсіфікаваныя вынікі рэферэндума 1996 года (Лукашэнка пры дапамозе сваіх сілавікоў адхіліў яго ад пасады ў парушэнне заканадаўства за 10 дзён да асноўнага дня галасавання. — “Позірк”.), папросту забілі, калі ён спрабаваў у адпаведнасці са сваімі паўнамоцтвамі ў 1999 годзе правесці выбары прэзідэнта, калі паўнамоцтвы Лукашэнкі скончыліся”, — заявіў Салаўёў.

На мітынгу таксама выступілі лідар руху “Разам” Вячаслаў Сіўчык, яго сустаршыня Алег Макаеў, каардынатар грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Зміцер Бандарэнка.

“У 1994 годзе людзі думалі, што галасуюць супраць мафіі, якая ўсім надакучыла, а ў выніку абралі Лукашэнку, які ачоліў гэтую мафію”, — сказаў Сіўчык. Цырымонію з удзелам Лукашэнкі ў Мінску ён назваў “спробай інаўгурацыі” і “адкрытым выклікам беларускай нацыі”. Ён выказаў упэўненасць, што гэты дзень у свой час стане дзяржаўным святам, а тое, што 25 сакавіка калісьці адбылася інаўгурацыя Лукашэнкі, забудзецца.

Зміцер Бандарэнка адзначыў, што Беларусь “сёння знаходзіцца ва ўнутранай акупацыі, а кубраковы, карпянковы (людзі, падобныя на кіраўніка МУС Івана Кубракова і яго намесніка Мікалая Карпянкова. — “Позірк”.), лукашэнкі здольныя нанесці шмат шкоды простым людзям і нашай дзяржаве”. Адзначыўшы, што ў сучасным свеце ўсё мяняецца вельмі хутка, выступоўца заклікаў быць гатовымі да змен і, у прыватнасці, да таго, каб “вярнуцца да нашай Канстытуцыі 1994 года без розных “дапаўненняў”, якія з’яўляюцца злачынствам”.

Алег Макаеў асобна згадаў імёны палітвязняў, якія сталі ахвярамі беларускага рэжыму, пасля чаго арганізатары мітынгу прапанавалі ўшанаваць іх памяць хвілінай маўчання.

Лукашэнка быў упершыню абраны на пасаду прэзідэнта ў 1994 годзе. 25 сакавіка 2025 года адбылася яго інаўгурацыя на сёмы тэрмін.

Падзяліцца: