Мінск 20:18

Беларусь і РФ узгодняць метадычныя рэкамендацыі па ўдзеле грамадзян дзвюх краін у мясцовых выбарах

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

1 красавіка, Позірк. Цэнтральнай выбарчай камісіі Расіі належыць узгадніць з ЦВК Беларусі і асобнымі органамі ўлады РФ “метадычныя рэкамендацыі па ўдзеле замежных грамадзян у мясцовых выбарах”, паведамляе ТАСС са спасылкай на адказную за выбары федэральную структуру.

Адзначаецца, што “для распрацоўкі гэтых рэкамендацый створана працоўная група”.

13 сакавіка Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін падпісалі пратакол аб унясенні змяненняў у двухбаковы дагавор аб роўных правах грамадзян ад 25 снежня 1998 года. Дакументам замацоўваецца магчымасць на ўзаемнай аснове беларускім і расійскім грамадзянам, якія стала пражываюць на тэрыторыі іншай дзяржавы, удзельнічаць у мясцовых выбарах — выбіраць і быць выбраным у органы мясцовага самакіравання.

У Расіі гэты пратакол павінен быць ратыфікаваны федэральным законам. Згаданыя метадычныя рэкамендацыі павінны быць узгодненыя да ратыфікацыі.

Паводле інфармацыі ЦВК РФ, у Расіі замежныя грамадзяне — удзельнікі выбараў “павінны кіравацца расійскім выбарчым заканадаўствам”.

“Іх не ўключаюць у рэгістр выбаршчыкаў, таму рэалізаваць выбарчыя правы яны могуць у заяўным парадку пасля прадстаўлення пасведчання на права жыхарства, — падкрэсліла камісія. — У сувязі з гэтым ім не будуць даступныя ДЭГ (дыстанцыйнае электроннае галасаванне. — “Позірк”.) і магчымасць падаць на партале “Дзяржпаслугі” заяву аб галасаванні па-за памяшканнем для галасавання”.

У той жа час, лічыць расійскі ЦВК, у беларускіх грамадзян “мусіць быць на мясцовых выбарах усеагульнае выбарчае права, гэта значыць яны могуць быць не толькі выбаршчыкамі і кандыдатамі, але і, напрыклад, даверанымі асобамі або агітатарамі”.

Паводле інфармацыі камісіі, грамадзяне РФ, якія стала пражываюць у Беларусі, “упершыню галасавалі і абіраліся на мясцовых выбарах у 2024 годзе”.

Дазволіць грамадзянам Беларусі, якія стала пражываюць у Расіі, абіраць і выбірацца ў мясцовыя органы ўлады, а таксама галасаваць на мясцовых рэферэндумах, прапанаваў першы намеснік старшыні камітэта Дзяржаўнай думы РФ па справах СНД, еўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыннікамі Канстанцін Затулін. 12 ліпеня 2024 года менавіта ён падаў у Дзярждуму адпаведны законапраект.

Парламентарый прапанаваў прапісаць у законе “Аб агульных прынцыпах арганізацыі мясцовага самакіравання ў РФ”, што беларускія грамадзяне — “грамадзяне Саюзнай дзяржавы, якія стала або пераважна пражываюць на тэрыторыі муніцыпальнага ўтварэння, маюць пры ажыццяўленні мясцовага самакіравання правы ў адпаведнасці з федэральнымі законамі”.

Затулін звярнуў увагу, што Выбарчы кодэкс Беларусі дазваляе грамадзянам РФ, якія пражываюць на беларускай тэрыторыі, удзельнічаць у выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў. Ён адзначыў, што ў спісах выбаршчыкаў на мясцовых выбарах 25 лютага 2024 года налічвалася 95 тыс. расіян, акрамя таго, у раённыя саветы балатавалася 15 грамадзян РФ, сельскія — шэсць.

2 красавіка 1996 года першы прэзідэнт РФ Барыс Ельцын і Аляксандр Лукашэнка падпісалі дагавор аб стварэнні супольнасці Беларусі і Расіі, а 2 красавіка 1997-га — дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі. 23 траўня 1997 года быў прыняты статут саюза. 8 снежня 1999 года падпісаны дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, які набыў моц 26 студзеня 2000 года.

Расія пачала фарсіраваць тэму інтэграцыі з Беларуссю ў снежні 2018 года. Дзмітрый Мядзведзеў, які на той момант займаў пасаду прэм’ер-міністра РФ, фактычна ўвязаў максімальнае збліжэнне дзвюх краін з далейшай падтрымкай Мінска з боку Масквы.

Працэс актывізаваўся пасля таго, як Расія падтрымала Лукашэнку на хвалі поствыбарных пратэстаў 2020 года, а таксама пасля пачатку поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны ў лютым 2022-га, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль.

Падзяліцца: