Мінск 04:51

Без электрычнасці застаецца 45 населеных пунктаў — Мінэнерга

6 красавіка, Позірк. Аднаўленне электразабеспячэння пасля штармавога цыклону “Зіён” працягваецца ў 45 населеных пунктах Беларусі, паведаміла Міністэрства энергетыкі.

На 20.00 6 красавіка работы па ўстараненні наступстваў цыклону працягваюцца ў 34 населеных пунктах Магілёўскай вобласці, “складаныя ўмовы надвор’я сталі прычынай парушэння электразабеспячэння яшчэ ў 11 населеных пунктах Мінскай і Гомельскай абласцей”.

“Увесь аператыўны персанал задзейнічаны ў рамонтна-аднаўленчых работах. Бесперапынна працуюць 68 аператыўна-выязных брыгад і 100 адзінак тэхнікі. У рабоце 10 перасовачных дызель-генератарных установак”, — удакладняецца ў рэлізе.

Работнікі “прыкладваюць усе намаганні, каб максімальна аператыўна забяспечыць населеныя пункты электраэнергіяй”.

Напярэдадні ў Беларусі істотна пахаладала, быў аб’яўлены аранжавы ўзровень небяспекі. Па краіне прайшлі дажджы і снегапады, быў моцны вецер. Паводле прагнозаў Белгідрамета, халоднае надвор’е захаваецца ў найбліжэйшыя дні.

З-за непагадзі электразабеспячэнне было парушана ў больш як 650 населеных пунктах, паведамляла раней Мінэнерга.

Па стане на 15:30 работы па ўстараненню парушэнняў прадаўжаліся ў 193 населеных пунктах, задзейнічана 131 брыгада спецыялістаў і 157 адзінак тэхнікі.

Белгідрамет паведаміў, што аранжавы ўзровень небяспекі захаваецца 7 красавіка. Уначы і раніцай па ўсходняй палове Беларусі чакаецца моцны снег, днём на большай частцы тэрыторыі і ў Мінску — узмацненне паўночнага ветру парывамі 151–8 м/с.

Падзяліцца: