Мінск 02:27

“Экстрэмісцкімі фарміраваннямі” прызнаныя “Палітвязынка”, “Хрысціянская візія”, “БюроМедыя”

9 красавіка, Позірк. Рашэннем Міністэрства ўнутраных спраў і Камітэта дзяржаўнай бяспекі яшчэ пяць праектаў і груп грамадзян прызнаныя “экстрэмісцкімі фарміраваннямі”.

У пералік, апублікаваны на сайце МУС, унесеная праваабарончая ініцыятыва па падтрымцы жанчын-палітзняволеных “Палітвязынка”, датычнымі да яе названыя Яўгенія Сцепусь (Доўгая) і Анастасія Захарэвіч.

Гэтым жа статусам надзелены расследвальніцкі праект “БюроМедыя” (Аляксандр Ярашэвіч, Вольга Альхіменка, Аляксей Карпека, Ксенія Вязнікоўцава).

Да “экстрэмісцкіх фарміраванняў” прылічаны медыяпраект “Хрысціянская візія”, які асвятляе рэпрэсіі ў сферы царквы і рэлігіі. Да яго, як сцвярджаецца, маюць дачыненне Наталля Васілевіч, Наталля Гарковіч, Дзмітрый Карняенка.

Статус “экстрэмістаў” таксама прысвоены ўдзельнікам тэлеграм-чата “Магілёўцы abroad” (36 чалавек), датычнымі названыя Надзея Салаўёва, Дзмітрый Салаўёў і Уладзімір Лапцэвіч.

У пералік уключаны акаўнт у сацсетцы X (былы “Твітар”) “чё ваще происходит”. Яго, паводле звестак сілавых ведамстваў, адмініструе Юлія Касцючэнка.

Цяпер у спісе 274 “экстрэміскіях фарміраванні”.

Дзейнасць, якая прылічаецца да “экстрэмісцкай”, пераследуецца ўладамі ў крымінальным парадку. Гэта адзін з актыўных інструментаў палітычных рэпрэсій.

Падзяліцца: