Мінск 06:16

Лукашэнка даручыў узяць пад асаблівы ідэалагічны кантроль адукацыю, культуру, навуку, спорт, сямейную палітыку

9 красавіка, Позірк. “Прыярытэтнымі сферамі”, у якіх ідэалагічная праца павінна праводзіцца “пад асаблівым кантролем дзяржавы”, у Беларусі будуць адукацыя, культура, навука, спорт, этнаканфесійныя адносіны, а таксама сямейная, маладзёжная, інфармацыйная і гістарычная палітыка.

Пра гэта гаворыцца ў дырэктыве № 12 “Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы”, якую Аляксандр Лукашэнка падпісаў 9 красавіка. Дакумент апублікаваны на яго сайце.

Адной з асноўных задач ідэалагічнай работы ў дырэктыве названа “дасягненне разумення і шырокай падтрымкі насельніцтвам беларускай мадэлі грамадскага развіцця”.

Для яе рэалізацыі дзяржава будзе ў тым ліку “стымуляваць актыўны ўдзел грамадзян у захаванні гістарычнай памяці і нацыянальных каштоўнасцяў”.

Усю ідэалагічную працу, як заяўляецца, плануецца пабудаваць на прынцыпах “прызнання унікальнасці беларускай мадэлі грамадскага развіцця”, а таксама “датычнасці грамадзян да працэсу прыняцця рашэнняў, якія закранаюць іх інтарэсы”.

Сярод іншага дакументам прадугледжана “контрпрапагандысцкая праца” па “прадухіленні або мінімізацыі негатыўнага інфармацыйнага ўплыву і распаўсюджвання ў грамадстве дэструктыўных ідэй, інфармацыі і ідэалогіі”.

Таксама ў дырэктыве гаворыцца, што выхаваўчая дзейнасць будзе ажыццяўляцца праз “сістэму мерапрыемстваў па ўздзеянні на свядомасць, светапогляд, волю і пачуцці грамадзян у мэтах фарміравання ідэйна-маральнай асобы”.

Для “далейшага ўдасканалення ідэалагічнай работы” арганізацыям усіх формаў уласнасці загадана “выбудоўваць сваю дзейнасць на аснове сацыяльнай адказнасці перад дзяржавай, грамадствам, працоўным калектывам і асобным грамадзянінам”.

Лукашэнка ўсклаў персанальную адказнасць за стан ідэалагічнай працы: у працоўным калектыве — на кіраўніка арганізацыі; у рамках асобнай галіны (сферы дзейнасці) — на кіраўніка адпаведнага дзяржаўнага органа; на тэрытарыяльным узроўні — на кіраўніка мясцовага выканаўчага і распарадчага органа.

Адміністрацыі Лукашэнкі даручана забяспечыць”распрацоўку і давядзенне да зацікаўленых крытэрыяў, індыкатараў, перыядычнасці ацэнкі эфектыўнасці ідэалагічнай працы”.

Ураду трэба будзе ў трохмесячны тэрмін забяспечыць прывядзенне заканадаўства ў адпаведнасць з дырэктывай, а таксама “прыняць іншыя меры па яе рэалізацыі”.

Да дырэктывы прыкладаецца раздзел “Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы”, у якім ключавымі пунктамі вызначаныя: суверэнны характар унутранай і знешняй палітыкі; высокі ўзровень грамадскай бяспекі; міжканфесійная і міжнацыянальная згода; захаванне і мадэрнізацыя рэальнага сектара эканомікі; даступнасць і высокая якасць медыцыны, адукацыі і сацыяльнага абслугоўвання; нізкі ўзровень карупцыі.

“У той жа час Беларусь сутыкаецца з пагрозай знешняй агрэсіі, якая прымае характар гібрыднага супрацьстаяння: інфармацыйныя войны, барацьба ідэй і сэнсаў, насаджэнне чужой дэструктыўнай ідэалогіі. Разнастайныя каналы давядзення інфармацыі выкарыстоўваюцца недружалюбнымі сіламі ў мэтах дэстабілізацыі палітычнай сітуацыі, нагнятання сацыяльнай напружанасці і дэфармацыі традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцяў”, — адзначаецца ў “Асновах”.

“Ядром фарміравання беларускай дзяржаўнасці” названыя Полацкае і Тураўскае княствы, а “гістарычнымі формамі беларускай дзяржаўнасці” — Старажытнаруская дзяржава (Кіеўская Русь), Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Расійская імперыя.

Пачаткам “нацыянальнай беларускай дзяржаўнасці”, паводле дзяржідэалогіі, з’яўляецца абвяшчэнне 1 студзеня 1919 года ССРБ (пасля БССР).

Заяўляецца, што “рэальны суверэнітэт і незалежнасць беларускай дзяржавы былі дасягнутыя ў перыяд пасля ўсталявання прэзідэнцкай формы кіравання”.

Папярэднюю дырэктыву № 11 “Аб удасканаленні функцыянавання сістэмы органаў улады і кіравання, узмацненні выканальніцкай дысцыпліны” Лукашэнка падпісаў 2 красавіка.

Дакумент быў прыняты ў развіццё ўказаў “Аб пяцігодцы якасці”, “Аб узмацненні ролі старшыняў выканаўчых камітэтаў базавага ўзроўню ў развіцці рэгіёнаў”.

Падзяліцца: