Мінск 05:24

Лукашэнка сустрэнецца з прэм’ерам Пакістана Шарыфам 11 красавіка ў Мінску (дапоўнена)

Лукашэнка і Шарыф у Ісламабадзе (лістапад 2024 года)
Фота: БелТА

дададзеныя абзацы 6–8

10 красавіка, Позірк. Прэм’ер-міністр Пакістана Шахбаз Шарыф здзейсніць афіцыйны візіт у Беларусь, 11 красавіка ў Мінску адбудуцца яго перагаворы з Аляксандрам Лукашэнкам, паведамляе прэс-служба апошняга.

Адзначаецца, што сустрэча пройдзе ў Палацы незалежнасці “ў вузкім і пашыраным складах з удзелам членаў дэлегацый”. Бакі маюць намер абмеркаваць ход рэалізацыі дамоўленасцей, дасягнутых падчас візіту Лукашэнкі ў Пакістан у лістападзе 2024 года.

Заяўляецца, што “акцэнт будзе зроблены на далейшым развіцці гандлёва-эканамічнай супрацы, у тым ліку ў сферах прамысловасці і гарантавання харчовай бяспекі, умацаванні гуманітарных сувязей”.

Бакі таксама маюць намер “надаць асобную ўвагу ключавым пытанням глабальнага і рэгіянальнага парадку дня, узаемадзеянню дзвюх дзяржаў на міжнародных пляцоўках”.

Па выніках перагавораў чакаецца падпісанне шэрага двухбаковых дакументаў.

МЗС Пакістана ўдакладняе, што “візіт пройдзе з 10 па 11 красавіка”. Паводле інфармацыі ведамства, у склад дэлегацыі ўвайшлі “намеснік прэм’ер-міністра — міністр замежных спраў Пакістана сенатар Мухамад Ісхак Дар і галоўны міністр правінцыі Пенджаб Мар’ям Наваз (поўнае імя Мар’ям Наваз Шарыф, яна пляменніца цяперашняга прэм’ер-міністра і дачка былога прэм’ера, які ўзначальваў урад у 1990–1993, 1997–1999 і 2013–2017 гадах. — “Позірк”.), а таксама іншыя міністры і высокапастаўленыя чыноўнікі”. “Гэты візіт рушыць услед за важнай паездкай прэзідэнта Лукашэнкі ў Пакістан у лістападзе 2024 года”, — адзначае знешнепалітычнае ведамства.

Заяўляецца, што “падчас свайго візіту прэм’ер-міністр правядзе перамовы з прэзідэнтам Лукашэнкам, каб прааналізаваць прагрэс у галінах, што прадстаўляюць узаемны інтарэс”. “За апошнія шэсць месяцаў шэраг двухбаковых сустрэч на высокім узроўні, уключаючы 8-е пасяджэнне сумеснай міністэрскай камісіі ў лютым 2025 года і наступны візіт высокапастаўленай змешанай міністэрскай дэлегацыі ў Беларусь у красавіку 2025 года, заклалі аснову для прадуктыўнага візіту”, — адзначае МЗС Пакістана.

Чакаецца, што “абодва бакі падпішуць некалькі пагадненняў, скіраваных на далейшае ўмацаванне супрацы”. “Візіт прэм’ер-міністра падкрэслівае трывалае і пастаяннае партнёрства паміж Пакістанам і Беларуссю”, — гаворыцца ў паведамленні.

1 лютага прэс-служба Лукашэнкі паведаміла пра яго тэлефонную размову з Шарыфам, падчас якой былі абмеркаваныя “дэталі будучага візіту прэм’ер-міністра Пакістана ў Беларусь”.

Пра тое, што Лукашэнка чакае Шарыфа ў красавіку, стала вядома 23 сакавіка з віншавання беларускага палітыка на адрас прэзідэнта Пакістана Асіфа Алі Зардары. Дакладная дата прыезду кіраўніка пакістанскага ўрада тады не называлася.

У лютым у Ісламабадзе прайшлі першыя ў гісторыі двухбаковыя кансультацыі па консульскіх пытаннях. МЗС Беларусі не ўдакладняла, ці абмяркоўвалася ўсталяванне бязвізавага рэжыму (адпаведную прапанову вылучыў пакістанскі бок падчас згаданага візіту Лукашэнкі).

“Мы пачулі вас наконт бязвізу. Міністр замежных спраў ведае вельмі добра нашу палітыку. Думаю, што і тут асаблівых у нас праблем не будзе”, — заявіў Лукашэнка 26 лістапада 2024 года на перагаворах з Шарыфам у Ісламабадзе.

Па выніках тых перагавораў была падпісаная дарожная карта “развіцця ўсебаковай супрацы” Беларусі і Пакістана на 2025–2027 гады.

Цяпер грамадзяне Пакістана маюць права бязвізавага ўезду ў Беларусь праз пункты пропуску ў аэрапортах краіны “пры наяўнасці ў сапраўдным дакуменце для выезду за мяжу дзеіснай шматразовай візы дзяржаў — членаў Еўрапейскага саюза або дзяржаў — удзельніц Шэнгенскай зоны” з пазнакай пра ўезд на тэрыторыю згаданых дзяржаў, а таксама “авіяквіткоў з пацвярджэннем у іх даты вылету” з Беларусі. Беларускія грамадзяне могуць наведваць Пакістан толькі пры наяўнасці візы.

З вясны 2021 года на мяжы Беларусі і краін Еўрапейскага саюза цягнецца міграцыйны крызіс. Сярод нелегалаў, якія спрабуюць трапіць у ЕС з беларускай тэрыторыі, маюцца і грамадзяне Пакістана.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Пакістанам усталяваныя 3 лютага 1994 года.

Падзяліцца: