Мінск 05:21

У Рэчыцкім раёне адбылася смяротная аўтааварыя

Фота: ДАІ Гомельскай вобласці

11 красавіка, Позірк. Адзін чалавек загінуў, яшчэ двое траўмавана ў выніку лабавога сутыкнення аўтамабіляў у Рэчыцкім раёне, паведамляе Дзяржаўтаінспекцыя УУС Гомельскага аблвыканкама.

Аварыя адбылася 10 красавіка каля 17:30. Паводле інфармацыі ведамства, 46-гадовы кіроўца аўтамабіля “БМВ”, рухаючыся на 17-м кіламетры аўтадарогі Р33 з боку Рэчыцы ў напрамку Хойнікаў, выехаў на паласу сустрэчнага руху і ўрэзаўся ў “Рэно” пад кіраваннем 52-гадовай жанчыны.

У выніку дарожна-транспартнага здарэння 45-гадовая пасажырка “БМВ” памерла на месцы, “кіроўца і 40-гадовы пасажыр “Рэно” з траўмамі дастаўленыя ў раённую бальніцу”.

Паведамляецца, што на месцы здарэння працавалі супрацоўнікі ДАІ, следча-аператыўная група. Высвятляюцца ўсе акалічнасці здарэння.

Згодна з метэаданымі, 10 красавіка ў Рэчыцы на працягу дня было каля 0 градусаў, ішоў снег.

У лютым 2024 года на той жа трасе 46-гадовы кіроўца “Мэрсэдэс-Бэнц Спрынтар” выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе сутыкнуўся з “Фальксвагенам”. Спачатку паведамлялася пра адну загінулую, пазней — пра трох, у тым ліку 4-гадовую дзяўчынку.

Падзяліцца: