Мінск 22:25

Ліцэнзаванне вывазу з Беларусі збожжавых зноў падоўжанае на паўгода

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

12 красавіка, Позірк. Ліцэнзаванне вывазу збожжавых з Беларусі падоўжанае яшчэ на паўгода, вынікае з пастановы Савета міністраў № 210 ад 11 красавіка.

Згодна з дакументам, апублікаваным 12 красавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, гэтае патрабаванне, як і раней, распаўсюджваецца на пшаніцу, жыта і іх сумесь (мяслін), ячмень, авёс, кукурузу, трыцікале, іншыя злакі, драбнёнае і іншае апрацаванае зерне пшаніцы, жыта ды іншах злакаў, а таксама насенне рапсу (у тым ліку яравога).

Разам з тым ліцэнзаванне вывазу больш не распаўсюджваецца на грэчку, проса і насенне сланечніка.

Разавую ліцэнзію выдае Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю па ўзгадненні з выканаўчымі камітэтамі — Мінскім і абласнымі. У сваю чаргу мясцовыя органы ўлады павінны праводзіць паступаючыя заяўкі на вываз пералічаных тавараў праз Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

Адмовіць ва ўзгадненні вывазу тавараў могуць праз “неабходнасць задавальнення (забеспячэння) патрэбы ўнутранага рынку ў таварах, заяўленых да вывазу”, а таксама “наяўнасці інфармацыі пра тое, што зацікаўленая асоба не з’яўляецца вытворцам тавараў”.

24 жніўня 2021 года ўрад на паўгода забараніў вывозіць з Беларусі пшаніцу, мяслін, жыта, ячмень, авёс, кукурузу, грэчку, проса, трыцікале, іншыя злакі і насенне рапсу. 11 сакавіка 2022 года забарона была падоўжаная яшчэ на шэсць месяцаў, а пералік пашыраны — за кошт апрацаванага і неапрацаванага зерня пшаніцы, жыта і іншых злакаў, насення сланечніку, бураковага жому, а таксама макухі і шроту з насення рапсу з нізкім утрыманнем эрукавай кіслаты. Трэці раз абмежаванне экспарту было падоўжанае 23 верасня таго ж года.

Узамен забароны Савет міністраў 24 сакавіка 2023 года ўвёў на шэсць месяцаў патрабаванне атрымліваць разавыя ліцэнзіі на вываз збожжавых. Гэтае рашэнне падаўжалася на аналагічны тэрмін 30 верасня, 10 красавіка і 5 кастрычніка 2024 года і цяпер, 12 красавіка 2025 года — у крыху скарочаным выглядзе.

29 студзеня 2025 года ўрад зацвердзіў аб’ёмы закупак сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны для “рэспубліканскіх дзяржаўных патрэбаў” на гэты год.

Да 1 красавіка Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання мусіла заключыць дагаворы на пастаўкі 699,3 тыс. т збожжа для харчовых патрэбаў (у тым ліку пшаніцы — 510,9, жыта — 123,5, аўса — 30,5, ячменю — 17, грэчкі — 14, проса — 3,4), а таксама 60 тыс. т пшаніцы для вытворчасці амінакіслот, 22 тыс. т пачаткаў кукурузы на насенне гібрыдаў першага пакалення.

Да гэтага ж тэрміну канцэрн “Белдзяржхарчпрам” мусіў забяспечыць закупку 3,35 млн т цукровых буракоў, 95,6 тыс. т алейнага насення рапсу, 86 тыс. т піваварнага ячменю; “Беллегпрам” — 20,7 тыс. т ільновалакна (кароткага — 13,4, доўгага — 7,3); Міністэрства ўнутраных спраў — 0,6 тыс. т ячменю.

З 1 ліпеня мінулага года ў Еўрасаюзе дзейнічаюць падвышаныя тарыфы на імпарт некаторых відаў сельскагаспадарчай прадукцыі з Беларусі і Расіі, у тым ліку збожжавых.

Падзяліцца: