Мінск 22:12

На суботніку 12 красавіка сабрана 16,5 млн рублёў — віцэ-прэм’ер Сівак

Віцэ-прэм'ер Анатоль Сівак
Відэа: прэс-служба ўрада / Стоп-кадр: "Позірк"

12 красавіка, Позірк. На рэспубліканскім суботніку 12 красавіка сабрана на 14% больш сродкаў, чым на аналагічным мерапрыемстве ў 2024 годзе, вынікае з заявы намесніка прэм’ер-міністра Анатоля Сівака.

“Лічбы <…> пакуль яшчэ папярэднія, але яны свежыя, – заявіў чыноўнік (на падставе відэазапісу ў тэлеграм-канале ўрада). — У суботніку ўзялі ўдзел 2 мільёны 400 тысяч грамадзян. На суботніку зароблена каля 16,5 мільёна рублёў — гэта на 2 мільёны больш, чым летась. У адпаведнасці з прынятымі рашэннямі сродкі пойдуць на будаўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея”.

Згодна з указам № 1, падпісаным Аляксандрам Лукашэнкам 3 студзеня, у 2025 годзе адбудзецца “не менш за два рэспубліканскія суботнікі”.

Пастанову, якая вызначае, што ўсе грашовыя сродкі, заробленыя на першым суботніку (12 красавіка), у тым ліку на працоўных месцах, пойдуць на ўзвядзенне новага будынка Нацыянальнага гістарычнага музея (НГМ), прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын падпісаў 1 красавіка.

У адпаведнасці з пастановай Савета міністраў ад 3 сакавіка № 127, на ўзвядзенне новага будынка НГМ у раёне сталічнай вул. Арлоўскай з бюджэту будзе выдзелена 6 млн рублёў.

З указа № 50 ад 5 лютага вынікае, што пабудаваць новы будынак НГМ, “парк народнага адзінства” і “стварыць пастаянную экспазіцыю музея ў раёне сталічнай вуліцы Арлоўскай” плануецца ў 2025–2027 гадах.

Музею нададзены статус “усебеларускай маладзёжнай будоўлі”, удзел у якой могуць узяць маладыя людзі ва ўзросце да 31 года, у тым ліку ў складзе студэнцкіх атрадаў.

6 верасня 2024 года Лукашэнку прадставілі канцэпцыю новага будынка НГМ на ўчастку паміж пр. Пераможцаў — вул. Арлоўскай і ракой Свіслач, то бок на месцы былога парку забаў “Дрымлэнд”.

Адзначалася, што планавальнае рашэнне будынка НГМ паўтарае контур мапы Беларусі. У экспазіцыю музея ўвойдуць экспанаты і інфармацыя пра гісторыю беларускіх зямель, пачынаючы са старажытных часоў і заканчваючы сучаснасцю.

Цяпер галоўны будынак НГМ знаходзіцца на вул. Карла Маркса ў цэнтры сталіцы.

У Мінску пры ўдзеле Лукашэнкі высаджваюць чырвоныя дубы, якія шкодзяць мясцовай флоры

12 красавіка, Позірк. На пляцоўцы будаўніцтва новага комплексу Нацыянальнага гістарычнага музея і "парку народнага адзінства" падчас суботніка 12 красавіка вырашылі высадзіць чырвоныя дубы пры ўдзеле Аляксандра Лукашэнкі, вынікае з паведамлення неафіцыйнага тэлеграм-канала прэс-службы апошняга. "Першы ўжо ў працэсе. На тэрыторыі парку высаджваюць …
Падзяліцца: