Мінск 22:17

У аснове “беларускасці”, на думку Лукашэнкі, ляжыць “перамяшаная кроў” іншых народаў

Ілюстрацыйнае фота: Павел Залескі / Беларуская служба Польскага радыё

12 красавіка, Позірк. Асаблівымі назваў беларусаў Аляксандр Лукашэнка ў размове з журналістамі 12 красавіка падчас рэспубліканскага суботніка ў Мінску.

“У нашай крыві ўсё перамяшана: і руская кроў, і ўкраінцы, і палякі, і яўрэі. У гэтым наша беларускасць. У гэтым асаблівасць нашага народа. І мы павінны гэта разумець”, — цытуе спікера яго прэс-служба.

Папракнуўшы моладзь у адсутнасці цікавасці да ўласнай гісторыі, Лукашэнка заявіў, што людзям трэба паказваць: беларусы — “не іваны, якія не памятаюць сваёй роднасці, а людзі з тысячагадовай гісторыяй”. Багацце беларускай гісторыі, на яго думку, дазволіць “у цікавай і даступнай форме” раскрыць Нацыянальны гістарычны музей, на пляцоўцы ўзвядзення новага будынка якога і адбылася размова.

Разам з тым спікер, які разважае пра асаблівасць беларусаў, лічыць, што нацыянальны гонар “не павінен перарасці ў нацыяналізм”, з ім “трэба быць вельмі асцярожнымі”.

“Мы па вялікім рахунку нацыяналістычныя ў плане любові да сваёй краіны. Нічога тут страшнага няма. Мы не нацыяналісты, мы не фашысты. Мы нацыяналістычныя людзі ў плане любові да сваёй радзімы. Але мы інтэрнацыяналісты. Мы вельмі паважаем нашых братоў: расіян, украінцаў, палякаў, іншых”, — сказаў Лукашэнка, які нярэдка дазваляў сабе, напрыклад, антысеміцкія выказванні.

9 красавіка Лукашэнка падпісаў дырэктыву № 12 “Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы”, у якой “ядром фармавання” дзяржаўнасці названыя Полацкае і Тураўскае княствы, а “гістарычнымі формамі беларускай дзяржаўнасці” — Старажытнаруская дзяржава (Кіеўская Русь), Вялікае княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Расійская імперыя.

Пачаткам “нацыянальнай беларускай дзяржаўнасці”, паводле дзяржідэалогіі, з’яўляецца абвяшчэнне 1 студзеня 1919 года ССРБ (пасля БССР).

Дэ-факта на дзяржаўным узроўні расхвальваецца менавіта савецкі перыяд гісторыі.

Варта адзначыць, што развіццё беларускай мовы і культуры дзесяцігоддзямі было прэрагатывай грамадскіх ініцыятыў і арганізацый.

Пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года рэжым Лукашэнкі разгарнуў маштабныя рэпрэсіі, у выніку якіх было ліквідавана мноства арганізацый і ініцыятыў, што развівалі беларускую культуру, у тым ліку Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр, Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, шэраг прыватных выдавецтваў, якія спецыялізаваліся на перакладах на беларускую мову і сучаснай беларускамоўнай літаратуры.

Моўную палітыку, якая праводзіцца сёння ў краіне, можна назваць русіфікацыяй. Паводле перапісу насельніцтва, колькасць беларусаў, якія лічаць сваёй роднай мовай беларускую, знізілася з 85,6% у 1999 годзе да 61,2% у 2019-м.

Намінальна 40% школ у краіне беларускамоўныя, але навучаецца ў іх усяго каля 10% вучняў (крыху больш за 100 тыс.).

Гл. таксама:

Ідэалогія ад “лукавага”. Чарговая дырэктыва Лукашэнкі — збор невырашальных супярэчнасцяў (на рускай мове)

Падзяліцца: