Мінск 22:15

Улады ў Мінску заклікаюць пакістанскіх адмыслоўцаў прыязджаць у Беларусь цэлымі сем’ямі

12 красавіка, Позірк. Беларусь зацікаўленая “перш за ўсё ў прыцягненні адмыслоўцаў, а не проста моладзі”, адзначыў Аляксандр Лукашэнка 12 красавіка на суботніку ў Мінску, каментуючы нядаўнюю заяву пра тое, што дзяржава гатовая прыняць да 150 тыс. працоўных мігрантаў з Пакістана.

“І лепш — сем’ямі. Калі сям’я прыехала, яны працаваць будуць”, — цытуе спікера яго прэс-служба.

Паводле слоў Лукашэнкі, “падыход будзе дыферэнцыраваны”. “Гэта значыць, мы цяпер [з пакістанскімі ўладамі] выпрацоўваем падыходы адпаведныя. Я [ім] кажу: мы гатовыя ў Віцебскай, Гомельскай, Магілёўскай абласцях прыняць вашую працоўную сілу. Але мы мусім бачыць кожнага”, — дадаў ён.

Асабліва, як вынікае з заяў Лукашэнкі, улады зацікаўленыя прыцягнуць пакістанскіх адмыслоўцаў у Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне (Брэсцкая вобласць). У Мінску цяпер удакладняюць, як шмат і якія адмыслоўцы патрэбныя на гэтым прадпрыемстве. “Мы ім створым такія ж умовы, як для беларусаў”, — паабяцаў спікер.

Паводле яго слоў, тым, хто прыедзе працаваць у аграпрамысловым комплексе, Беларусь дапаможа з жыллём.

Пра тое, што Мінск і Ісламабад дамовіліся выпрацаваць механізм для прыезду ў Беларусь працоўных мігрантаў з Пакістана, Лукашэнка заявіў 11 красавіка ў беларускай сталіцы па выніках сустрэчы з пакістанскім прэм’ер-міністрам Шахбазам Шарыфам. Паводле яго слоў, Беларусь гатовая прыняць на працу 100–150 тыс. пакістанскіх адмыслоўцаў: “Тых галін, пра якія мы папросім”. “Кіраўніцтва Пакістана дапаможа нам падабраць такіх людзей”, — заявіў ён.

Грамадзяне Пакістана нярэдка фігуруюць у зводках дзяржаў Еўрасаюза пра спробы нелегальных мігрантаў трапіць на іх тэрыторыю праз мяжу з Беларуссю, а таксама ў паведамленнях беларускага пагранічнага ведамства пра “жорсткае абыходжанне” з імі з боку сілавікоў суседніх краін ЕС.

Варта адзначыць, што пакістанцы былі ў ліку 23 замежнікаў, якіх дэпартавалі з Беларусі сёлета ў сакавіку ў рамках аперацыі “Нелегал”.

Пытанне працоўнай міграцыі ўзнімалася падчас сустрэч Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Мінскага гарадскога тэхнапарка, якія адбыліся 16 студзеня.

“Хочаш запрасіць таджыкаў, узбекаў, казахаў, сірыйцаў, афганцаў — любых людзей, запрашай, — заявіў ён. — Але ты павінен ведаць, што гэта за людзі і што яны табе патрэбныя на гэтым месцы і могуць гэтую аперацыю ажыццяўляць. Не ўмеюць — навучы. Але ты за гэты дзясятак-дваццаць чалавек павінен галавой адказваць”.

На фестывалі-кірмашы “Дажынкі” 5 кастрычніка 2024 года ў Мікашэвічах (Брэсцкая вобласць) Лукашэнка заявіў, што замежнікі, якія прыязджаюць жыць у Беларусь, “не просяць кавалак хлеба”. “А калі просяць, то толькі на пачатку. Затым яны працуюць і зарабляюць самі. Нам патрэбныя на гэтай зямлі працоўныя рукі”, — сказаў ён.

Намеснік кіраўніка МУС Юрый Назаранка на пасяджэнні калегіі ведамства сёлета 21 лютага заявіў, што патрэбныя “дадатковыя меры па кантролі за ўездам-выездам, знаходжаннем замежнікаў і займаннем імі працоўнай дзейнасцю”.

1 ліпеня 2023 года ў Беларусі набыў моц закон “Аб знешняй працоўнай міграцыі”, які спрасціў працэдуры прыцягнення замежнай працоўнай сілы ў Беларусь.

Напрыклад, суб’екты гаспадарання вызвалілі ад неабходнасці атрымліваць дазвол на прыцягненне замежнай працоўнай сілы, а “для значнай колькасці замежных грамадзян”, паводле інфармацыі МУС, была скасаваная наяўнасць абавязковага дазволу на права заняцця працоўнай дзейнасцю ў краіне.

Згодна са статыстыкай групы ананімных хакераў, аб’яднаных у ініцыятыву “Кіберпартызаны”, з 2018 года па 2023-ы Беларусь пакінула 211.286 грамадзян працаздольнага ўзросту.

Падзяліцца: