Арцыбіскуп Станеўскі заклікаў беларускіх католікаў маліцца за спачылага папу Францішка

22 красавіка, Позірк. “Дзякуем Пану Богу за яго жыццё, за руплівае і ахвярнае служэнне касцёлу і ўсяму чалавецтву дзеля яго навяртання і збаўлення, а таксама за яго сведчанне любові да Бога і бліжняга”, — адзначыў старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў звароце з нагоды смерці папы рымскага Францішка.
Партал Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі апублікаваў зварот 22 красавіка, больш як праз суткі пасля смерці пантыфіка.
Арцыбіскуп Станеўскі звярнуў увагу на тое, што падчас благаслаўлення “Гораду і міру” за дзень да спачыну папа Францішак зычыў людзям, каб іх жыццё “было пасхальным”. “Гэтыя словы застануцца з намі як запавет: няхай нашае жыццё будзе <…> поўным веры, надзеі і любові”, — адзначыў каталіцкі іерарх.
“Заахвочваючы святароў, кансэкраваных асобаў, увесь народ Божы касцёла ў Беларусі да малітвы за душу Яго Святасці, мы давяраем нашага ўмілаванага папу Францішка міласэрнаму Езусу, упэўненыя, як ён сам вучыў нас, што “ўсё адкрываецца ў міласэрнасці; усё вырашаецца ў міласэрнай любові Айца”, — дадаў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, заклікаўшы да “салідарнай малітвы” за спачылага пантыфіка.
Папа рымскі Францішак (ураджэнец Аргенціны Хорхе Марыа Бергольа) памёр 21 красавіка ў 7:35 з прычыны цэрэбральнага інсульту, комы і незваротнага кардыяцыркуляторнага калапсу, вынікае са сведчання дырэктара Упраўлення аховы здароўя і гігіены Ватыкана Андрэа Арканджэлі, апублікаванага Залай друку Святога Пасада.
Спачуванні ў сувязі са смерцю пантыфіка выказалі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская і Аляксандр Лукашэнка.
Паводле інфармацыі дзяржаўных СМІ, у Апостальскай нунцыятуры ў Мінску 22–24 красавіка з 10:00 да 12:00 і 14:00 да 16:00 будзе адкрытая кніга спачуванняў.
Напярэдадні смерці ў штогадовым велікодным пасланні 88-гадовы папа Францішак сярод іншага заклікаў да вызвалення ваеннапалонных і палітычных вязняў.
Каталіцызм — другая паводле колькасці паслядоўнікаў хрысціянская канфесія ў Беларусі. У краіне каля 1,5 млн католікаў, у тым ліку больш за 10 тыс. грэка-каталікоў.
Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі прадстаўлены трыма дыяцэзіямі — Гродзенскай, Віцебскай і Пінскай, а таксама Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй. Згодна з актуальнымі данымі апарата ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, у краіне налічваецца 500 каталіцкіх парафій; дзейнічаюць 523 каталіцкія храмы, будуецца яшчэ 27.
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаСкарачаецца колькасць краін, куды пастаўляецца прадукцыя беларускага легпрама — даныя Белстата (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаКолькасць атэставаных экскурсаводаў дасягнула 1,3 тыс. — МінспортуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка