Аграпрам у 2024 годзе выканаў толькі каля траціны планавых паказчыкаў — дакумент Мінсельгасхарча

25 красавіка, Позірк. З 58 “даведзеных урадам планавых паказчыкаў і параметраў” аграпрамысловы комплекс Беларусі летась выканаў толькі 22, або 37,9%, вынікае з пастановы калегіі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, якая апублікаванай аб’яднаннем былых сілавікоў BelPol.
Згодна з дакументам, калегія прызнала нездавальняльнай — у частцы выканання мэтавых і іншых паказчыкаў за 2024 год — працу камітэтаў па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага, Гомельскага, Мінскага і Магілёўскага аблвыканкамаў.
Недастатковай прызнаная праца профільных камітэтаў Брэсцкага і Гродзенскага аблвыканкамаў — па выкананні мэтавых паказчыкаў, дзейнасць гэтых камітэтаў усіх абласцей — у частцы выканання заданняў па экспарце і прадухіленні падзяжу буйной рагатай жывёлы (БРЖ).
З дакумента вынікае, што рэнтабельнасць продажу ў сельскагаспадарчых арганізацыях краіны склала 6,1% пры нарматыве 8,9%. Аніводная вобласць не дала рады заданню.
Інвестыцыі ў асноўны капітал у цэлым скараціліся на 3,7%, хоць заданне прадугледжвала іх рост на 6,6%.
Пастанова сведчыць, што ў Беларусі было зроблена 284,8 тыс. тон мукі пры заданні 328 тыс. т (86,8% плана); пагалоўе свіней скарацілася на 11,9%, БРЖ — на 2,3%.
За 2024 год падзёж буйной рагатай жывёлы ў цэлым па краіне павялічыўся на 19,1% (са 124,2 тыс. да 147,9 тыс. галоў). У Брэсцкай вобласці — на 6,5% (з 23 тыс. да 24,5 тыс.), Віцебскай — на 12% (з 13,2 тыс. да 14,8 тыс.), Гомельскай — на 22,3% (з 25,7 тыс. да 31,4 тыс.), Гродзенскай — на 11,9% (з 14,8 тыс. да 16,5 тыс.), Мінскай — на 22,6% (з 28,4 тыс. да 34,9 тыс.), Магілёўскай — на 35,4% (з 19 тыс. да 25,7 тыс.).
Тэмпы экспарту сельгаспрадукцыі ў “краіны далёкай дугі” ў гадавым вымярэнні выраслі на 9,1%, хоць задача ставілася павялічыць на 20%.
Экспарт ялавічыны ў краіны Афрыкі склаў 86,1 т (заданне — 2 тыс. т; выканана 4,3% плана); мяса і харчовых субпрадуктаў свойскай птушкі — 417,6 т (1,4 тыс. т; 29,8%), малочнай сыроваткі — 369,5 т (600 т; 61,6%). У Нігерыю павінны былі адправіць 100 т малака і згушчаных вяршкоў, а на справе — нуль.
Адзначана, што арганізацыі Віцебскай вобласці не забяспечылі вяртанне пазык харчовага збожжа, выдадзеных з дзяржаўнага рэзерву ў 2013–2023 гадах.
Ільнозаводы Гомельскай вобласці паставілі толькі 57% ільновалакна для дзяржаўных патрэбаў (у тым ліку доўгага — 53%), Мінскай вобласці — 81% (49%), Магілёўскай — 94% (85%).
Аніводная вобласць не забяспечыла плошчу сяўбы зернебабовых культур у чыстым выглядзе, а таксама не засыпала насенне пад патрэбнасць 2025 года.
Згодна з дакументам, па выніках работы за 2024 год дапушчана падзенне вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі да 2023 года ў базавых раёнах — Талачынскім Віцебскай вобласці (-3,3%), Бабруйскім Магілёўскай вобласці (-4,4%) і Мазырскім Гомельскай вобласці (-8,1%).
Адзначаецца, што аніводная вобласць не выканала паказчыкі паводле рэнтабельнасці продажаў, паўсюдна перавышаныя значэнні пратэрмінаванай крэдыторскай і дэбіторскай запазычанасцей, “цякучасці кадраў”, індэкса росту цэн на сельскагаспадарчую прадукцыю.
Раней “Позірк” паведамляў, што, паводле даных Белстата, вытворчасць прадукцыі ў гаспадарках усіх катэгорый (сельгасарганізацый, фермерскіх, насельніцтва) у студзені — снежні 2024 года ў наяўных цэнах склала 36,3 млрд рублёў — у супастаўных цэнах на 3,4% больш, чым за 2023-ы.
У студзені быў зафіксаваны рост на 4,3%, студзені — лютым — на 6,9%, студзені — сакавіку — на 6,8%, студзені — красавіку — на 6,9%, студзені — траўні — на 8,1%, студзені — чэрвені — на 10,2%, студзені — 10,2% — жніўні — на 7,1%, студзені — верасні — на 5,1%, студзені — кастрычніку — на 3,2%, студзені — лістападзе — на 3,3%.
У гаспадарках усіх катэгорый за гэты перыяд атрымана жывёлы і птушкі (у жывой вазе) 1 млн 824,8 тыс. т (+2,6%), малака — 8 млн 749,7 тыс. т (+5%), яек — 3 млрд 713,3 млн (+8%).
Валавы збор збожжавых і зернебабовых культур склаў 8,3 млн т (+8,8%), рапсу — 1 млн т (+15,8%), цукровых буракоў — 5 млн т (+2,2%).
Дынаміку вытворчасці бульбы Белстат не прыводзіць. Разам з тым леташнія даныя паказваюць, што выкапаныя ў 2024-м 3,1 млн т бульбы на 22,5% менш, чым у 2023-м (4 млн т).
Пазыковая нагрузка арганізацый сельскай, лясной і рыбнай гаспадарак на пачатак снежня склала 4 млрд 218,8 млн (+20,8% у гадавым вымярэнні; +15,9% ад пачатку 2024 года), пратэрмінаваная — 59,2 млн. (рост у 5,9 раза; у 6,2 раза).
Намінальны налічаны сярэдні заробак работнікаў галіны у студзені 2025 года склаў 1.892,7 рубля — на 22,1% менш за сярэдні па краіне (2.428,1).
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 25 красавіка 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаНа мяжы Беларусі з Літвой і Латвіяй фіксуецца рэкордная за апошнія паўтара года актыўнасць нелегальных мігрантаў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- ГрамадстваНапярэдадні моцных замаразкаў у Брагіне зафіксаваны рэкорд цяплаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 24 красавіка 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Навіны Германіі, Палітыка
- Грамадства, ЭканомікаМінпрацы: Найбольш траўманебяспечныя галіны — прамысловасць, сельская гаспадарка і будаўніцтва (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка