Мінск 01:12

Дарадца Ціханоўскай папрасіў у міжнароднай супольнасці дапамогі ў сувязі са станам палітзняволенай Кульшы

Крыніца: spring96.org

30 красавіка, Позірк. Дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў паведаміў міжнародным арганізацыям і прадстаўнікам краін Еўрасаюза пра сітуацыю з палітзняволенай Вікторыяй Кульшой і звярнуўся да іх з просьбай аб тэрміновай дапамозе.

30 красавіка экс-палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк заявіла, што Кульша, паводле яе інфармацыі, абвесціла бестэрміновую галадоўку, і папярэдзіла, што жанчына можа загінуць за кратамі.

“Беларусь стаіць перад трагедыяй, якая можа стаць знакавай: палітзняволеная Вікторыя Кульша знаходзіцца на мяжы жыцця і смерці, — цытуе Марозава сайт дэмлідара. — Паводле інфармацыі былой палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк, яна распачала галадоўку на знак пратэсту супраць новых рэпрэсій і <…> можа стаць першай жанчынай, якая загіне ў вязніцы з палітычных прычын”.

Каманда Ціханоўскай заклікала “журналістаў, палітыкаў, праваабаронцаў і ўсіх неабыякавых зрабіць публічныя заявы, каб патрабаваць неадкладнага медычнага агляду Вікторыі Кульшы, доступу да яе адваката і кантакту з роднымі, поўнага вызвалення зняволенай”.

Тэрмін зняволення Кульшы заканчваўся 6 красавіка, аднак на волю яна так і не выйшла — у дачыненні да жанчыны распачалі новую — ужо чацвёртую — справу паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі) і перавялі ў гомельскі следчы ізалятар № 3. У ізалятары, паводле інфармацыі Шарэнда-Панасюк, жанчына распачала галадоўку.

Вікторыя Кульша знаходзіцца ў няволі з 4 лістапада 2020 года. Па выніках некалькіх судоў прыгавораная да 4,5 года зняволення паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і 411 КК.

Да затрымання палітзняволеная працавала інжынерам па ахове працы. Паводле адукацыі яна юрыст, таксама скончыла курсы па манікюры і масажы. Згодна са звесткамі праваабарончага цэнтра “Вясна”, была адміністратарам чата “Водители 97%” (“Кіроўцы 97%”), які заклікаў кіроўцаў перакрываць вуліцы на знак пратэсту пасля выбараў 2020 года.

Падзяліцца: