Мінск 01:56

Ініцыятыва дапамогі эмігрантам “Партызанка” і яшчэ чатыры праекты прызнаныя “экстрэмісцкімі фарміраваннямі”

Крыніца: BySol

2 траўня, Позірк. Спіс “экстрэмісцкіх фарміраванняў” на сайце Міністэрства ўнутраных спраў папоўніўся яшчэ пяццю пазіцыямі.

Рашэннем МУС гэты статус прысвоены структурнаму падраздзяленню хакерскага праекта “Кіберпартызаны” “Партызанская хваля”, а таксама забаўляльнаму праекту “Хай так ТВ” на тэлеканале “Белсат”.

Паводле рашэння Камітэта дзяржбяспекі “экстрэмісцкім фарміраваннем” прызнаны праект “Беларуская грэнадзёрская харугва” (верагодна, мае сувязь са спартыўна-патрыятычнай арганізацыяй “Пашпарлітае рушэнне”). Датычнымі да яе дзейнасці названыя Барыс Жахоўскі, Руслан Асадулаеў, Аляксандр Барталевіч, Кіра і Антон Баярэнкі, Віталь Будзько, Дзмітрый Васільеў, Марыя Грыц, Сяргей Ёрш, Дар’я Зямлянская, Святлана Ільяшэнка, Раман Казакевіч, Арцём Касперчык, Андрэй Комлік-Ямацін, Юрый Кулікоў, Рэгіна Лавор, Віталь Ляўчук, Уладзімір Лісоўскі, Яўген Малюцін, Аляксандр Мась, Аляксандр Масюк, Уладзіслаў Надзейка, Алена Рэдзькова, Марына Саўчанка, Марыя Седышова, Аляксандр Шчасны, Яўгенія Храмянкова, Антон Шаранкевіч , Аляксей Юрэвіч, Сяргей Янчук.

КДБ надзяліў статусам “экстрэмісцкага фарміравання” “групу грамадзян”, звязаных з ініцыятывай “Народны дэпутат”. Дачыненне да яе нібыта маюць галоўны рэдактар медыя “Віцебскі кур’ер” Аляксандр Карнышоў, а таксама Дзмітрый Карняенка і Кацярына Марэцкая.

“Народны Дэпутат” вядзе публічную працу праз сайт, тэлеграм-канал Vitebsk, а таксама акаўнты ў “ЦікТоку”, “Інстаграме” і ютубе. Ініцыятыва стала вядомая дзякуючы даследаванню дзейнасці віцебскіх чыноўнікаў, аналізу эфектыўнасці працы мясцовых выканкамаў і саветаў дэпутатаў, а таксама маніторынгу скаргаў ад жыхароў Віцебскай вобласці”, — адзначае тэлеграм-канал “Віцебск, я гуляю”.

КДБ унёс у спіс “экстрэмісцкіх фарміраванняў” таксама ініцыятыву Partyzanka (“Партызанка”), якая займаецца аказаннем прававой дапамогі за мяжой беларускім палітычным эмігрантам. Датычнымі да дзейнасці ініцыятывы названыя юрыстка Ганна Маціеўская і мастачка Яна Шостак.

Дзейнасць, якая прылічаецца да “экстрэмісцкай”, пераследуецца ўладамі ў крымінальным парадку. Гэта адзін з актыўных інструментаў палітычных рэпрэсій.

Цяпер у спісе “экстрэмісцкіх фармаванняў” 284 пазіцыі.

Падзяліцца: