Мінск 06:34

Дэлегацыя Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю заклікала спыніць пераслед палітзняволенай Кульшы

Крыніца: "Вясна"

2 траўня, Позірк. Спыніць усе формы пераследу палітзняволенай Вікторыі Кульшы і іншых грамадзян заклікала ў адмысловай заяве Бюро дэлегацыі Еўрапейскага парламента па сувязях з Беларуссю.

Бюро “катэгарычна адрынае” абвінавачванні, высунутыя рэжымам Аляксандра Лукашэнкі супраць Кульшы. Падкрэсліваецца, што пераслед палітзняволенай “ўяўляе сабой парушэнне асноўных правоў, замацаваных у Статуце ААН, у прыватнасці, права на свабоду выказвання меркавання і права на справядлівы суд”.

“Яе справа з’яўляецца прыкладам сістэмнага невыканання Беларуссю сваіх міжнародных абавязацельстваў і адвольнага характару яе судовай сістэмы”, — гаворыцца ў заяве.

Бюро таксама запатрабавала даць Кульшы неадкладны доступ да адэкватнай медыцынскай дапамогі і забяспечыць рэгулярныя канфідэнцыйныя кантакты з яе сям’ёй і адвакатам.

Прадстаўнікі Еўрапарламента заклікалі Еўрапейскі саюз і яго дзяржавы — члены ўвесці адрасныя санкцыі ў дачыненні да асоб, адказных за вынясенне прыгавору Кульшы: суддзяў Жанны Хвайніцкай, Сяргея Мальцава і Станіслава Іванюценкі, пракурора Аляксандра Караля і аператыўнага супрацоўніка папраўчай калоніі № 24 (Зарэчча, Рэчыцкі раён Гомельскай вобласці) Дзмітрыя Саманчука.

Акрамя гэтага, аўтары заявы заклікаюць ЕС і яго дзяржавы актывізаваць дыпламатычныя намаганні, накіраваныя на вызваленне Кульшы.

“Міжнародная супольнасць не павінна маўчаць перад тварам гэтых абуральных парушэнняў правоў чалавека. Жыццё спадарыні Вікторыі Кульшы і прынцыпы свабоды і дэмакратыі, якія яна адстойвае, павінны быць абароненыя”, — падкрэсліваецца ў дакуменце.

1 траўня ЕС заклікаў беларускія ўлады вызваліць Кульшу і ўсіх палітвязняў. У папраўчай калоніі яе здароўе сур’ёзна пагоршылася, адзначалася ў заяве.

Заклік “зрабіць усё магчымае для выратавання” Кульшы ўтрымліваецца ў звароце экс-палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк да “беларускай і міжнароднай супольнасці, палітыкаў, дыпламатаў, дэпутатаў, журналістаў”, апублікаванай напярэдадні ў сацсетках яе мужам.

Тэрмін зняволення Кульшы заканчваўся 6 красавіка, аднак на волю яна так і не выйшла — у дачыненні да жанчыны распачалі новую — ужо чацвёртую — справу паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі) і перавялі ў гомельскі следчы ізалятар № 3.

Жанчына адчувае сур’ёзныя праблемы са здароўем.

Кульша знаходзіцца ў няволі з 4 лістапада 2020 года. Па выніках некалькіх судоў прыгаворана да 4,5 года зняволення паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і 411 КК.

Да затрымання жанчына працавала інжынерам па ахове працы. Паводле адукацыі яна юрыст, таксама скончыла курсы па манікюры і масажы. Паводле звестак праваабарончага цэнтра “Вясна”, была адміністратарам чата “Водители 97%”, які заклікаў вадзіцеляў перакрываць вуліцы ў знак пратэсту пасля выбараў 2020 года.

Падзяліцца: