Мінск 13:25

ЕАБР чакае росту інвестыцый у Беларусі на фоне спрашчэння доступу да крэдытаў

Ілюстрацыйнае фота: Geralt / pixabay.com

5 траўня, Позірк. На фоне спрашчэння доступу да пазыковых сродкаў, у тым ліку “дзякуючы змякчэнню патрабаванняў для інвестыцыйнага крэдытавання, Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) чакае “пашырэнне інвестыцый” у Беларусі па выніках года.

У штотыднёвым макрааглядзе аналітыкі ЕАБР звярнулі ўвагу на тое, што ў студзені — сакавіку інвестыцыі ў асноўны капітал “паскорыліся да 18,3% г/г (год да года. — “Позірк”.) пасля росту на 8% г/г у 2024 годзе”.

Асноўным драйверам росту, як адзначаецца, сталі закупкі новага абсталявання. Іх аб’ём вырас на 26,2%, забяспечыўшы больш за палову агульнага прыросту.

“Інвестыцыі актыўна раслі як у прыватным сектары, так і сярод дзяржаўных прадпрыемстваў. Гэтаму садзейнічалі зніжэнне падаткаў на ўвазное абсталяванне і ўдасканаленне інвестыцыйнага заканадаўства”, — заяўляе ЕАБР.

Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, інвестыцыі ў асноўны капітал Беларусі ў студзені — сакавіку 2025 года склалі 10,8 млрд рублёў (у першым квартале 2024-га — 7,8 млрд; +38,5%).

Паводле даных Белстата, у 2024 годзе ў асноўны капітал Беларусі было ўкладзена 44,4 млрд рублёў, 2023-м — 35,7 млрд, 2022 — 27,8 млрд.

Летась замежныя інвестары ўклалі ў рэальны сектар эканомікі Беларусі 6,9 млрд долараў — на 10,4% менш, чым у 2023-м (7,7 млрд).

У выглядзе прамых замежных інвестыцый (74,8% усяго аб’ёму) паступіла 5,2 млрд долараў (5,8 млрд; -10,3%).

Згодна з зацверджанымі Аляксандрам Лукашэнкам важнейшымі эканамічнымі прагнознымі (дэ-факта — планавымі) параметрамі на 2025 год, рост інвестыцый па выніках года павінен скласці 7,8%.

Падзяліцца: