Беларусь зацікаўленая ўдзельнічаць у “аднаўленні тэрыторый” Азербайджана, заяўляе Турчын

5 траўня, Позірк. Урад Беларусі гатовы “больш шчыльна абмеркаваць” з азербайджанскім бокам пытанні “аднаўлення тэрыторый”, заявіў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын 5 траўня ў Баку на перагаворах са сваім азербайджанскім калегам Алі Асадавым.
Турчын, словы якога прыводзяць дзяржСМІ, падкрэсліў, што Мінск у гэтым плане гатовы прапанаваць “комплекснае рашэнне: жыллёвае будаўніцтва, развіццё вытворчай сферы, таму што людзям перш за ўсё патрэбныя праца і заробак”.
Анансуючы візіт Турчына ў Азербайджан, які распачаўся 5 траўня, прэс-служба ўрада паведамляла, што чыноўнік сярод іншага мае намер наведаць “шэраг аб’ектаў на тэрыторыях, якія Азербайджан аднаўляе пасля баявых дзеянняў”. Відавочна, гаворка пра тэрыторыі Нагорнага Карабаха, якія перайшлі пад азербайджанскі кантроль у выніку ваеннага канфлікту з Арменіяй.
Афіцыйны Мінск, нягледзячы на дэ-юрэ саюзніцкія стасункі з Ерэванам у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) і Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), актыўна наладжвае стасункі з Баку.
Найбольш вострыя фазы апошняга этапа азербайджанска-армянскага канфлікту вакол Нагорнага Карабаха адбыліся напрыканцы 2020 года і напрыканцы 2023-га.
Увосень 2023 года Азербайджан правёў у Нагорным Карабаху “антытэрарыстычныя мерапрыемствы лакальнага характару”, у выніку якіх рэгіён цалкам перайшоў пад кантроль Баку. Паводле рашэння кіраўніцтва непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі (НКР), самаабвешчаная дзяржава спыніла існаванне 1 студзеня 2024 года.
Арменія, якая выступала на баку НКР, раскрытыкавала АДКБ за адсутнасць падтрымкі ў вайне з Азербайджанам і фактычна згарнула свой удзел у дзейнасці арганізацыі (ад удзелу ў пасяджэннях да фінансавання). Армянскі прэм’ер-міністр Нікол Пашынян 22 траўня 2024 года заявіў у парламенце, што “мінімум дзве краіны — члена АДКБ <…> удзельнічалі ў падрыхтоўцы вайны супраць” Арменіі. Ён не ўдакладніў, якія краіны мае на ўвазе, але мімаходзь згадаў у сваёй прамове Аляксандра Лукашэнку.
13 чэрвеня 2024-га прэм’ер-міністр Нікол Пашынян заявіў, што ні ён, ані які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе ў Мінску знаходзіцца Аляксандр Лукашэнка. Ён сказаў пра гэта ў кантэксце заяў Лукашэнкі пра карабахскі канфлікт на сустрэчы з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым у сярэдзіне траўня.
Сёлета ў сярэдзіне лютага амбасадар Беларусі Дзмітрый Піневіч (экс-міністр аховы здароўя) уручыў Аліеву даверчыя граматы. Апошні, як паведамляла прэс-служба беларускага МЗС, заявіў, што паміж двума народамі і краінамі “існуюць заснаваныя на даверы дружалюбныя стасункі”, якія цяпер “выходзяць на якасна новы ўзровень”.
На сустрэчы было закранута пытаннее “ўдзелу беларускіх кампаній у аднаўленча-будаўнічых работах, якія праводзяцца на вызваленых ад акупацыі тэрыторыях Азербайджана”. Пад гэтай фармулёўкай, выкарыстанай знешнепалітычным ведамствам Беларусі, відавочна, мелася на ўвазе тэрыторыі Нагорнага Карабаха.

- ЭканомікаБелстат: Інвестыцыі ў асноўны капітал дзяржпрадпрыемстваў зменшыліся, прыватных і замежных — вырасліМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- АнонсыАнонсы падзей на 20 кастрычніка — 30 лістапада 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаПасля васьмідзённай паўзы колькасць спробаў пераходу нелегалаў з Беларусі ў Польшчу зноў дасягнула трохзначнай адзнакіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка