Мінск 04:12

Амбасада РФ справаздачылася аб правядзенні акцыі “Бессмяротны полк” у Мінску і абласных цэнтрах Беларусі

Акцыя "Бессмяротны полк" в Мінску
Фота: амбасада РФ у Беларусі

9 траўня, Позірк. Акцыі “Бессмяротны полк” адбыліся 9 траўня ў Мінску, Брэсце, Гродне, Віцебску, Гомелі і Магілёве, вынікае з паведамленняў у сацыяльных сетках амбасады Расіі ў Беларусі.

Падкрэсліваецца, што ў Брэсце ў шэсці ўдзельнічалі прадстаўнікі так званай “луганскай народнай рэспублікі”, а таксама акупаванай часткі Запарожскай вобласці Украіны.

Дыппрадстаўніцтва РФ заяўляе, што ў Гродне ў сумеснай акцыі “Бессмяротны полк” і “Беларусь памятае” прынялі ўдзел 25 тыс. чалавек.

Сумесным было і шэсце ў Віцебску, у ім, як заяўляецца, бралі ўдзел прадстаўнікі Смаленскай вобласці і Башкартастана (РФ).

У Магілёве ў расійскай акцыі ўдзельнічала “прадстаўнічая дэлегацыя Смаленскай вобласці”, адзначае дыппрадстаўніцтва.

У Мінску “Бессмяротны полк” далучыўся да шэсця “Беларусь памятае”. На плошчы Перамогі да Вечнага агню былі ўскладзены кветкі.

Раней СМІ паведамлялі пра прыезд у Беларусь на выходныя вялікай колькасці расіян. У Мінску і некаторых абласных цэнтрах была раскуплена большасць месцаў ў гатэлях.

“Бессмяротны полк” — расійскі рух у памяць пра герояў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Удзельнікі штогод 9 траўня праходзяць калонай па вуліцах гарадоў з фотаздымкамі сваіх сваякоў — удзельнікаў ВАВ. Рух заснаваны ў 2011 годзе ў Томску журналістамі Сяргеем Лапянковым, Сяргеем Калатоўкіным і Ігарам Дзмітрыевым.

З часам “Бессмяротны полк” перайшоў пад апеку расійскіх уладаў, у руху ўзмоцнены ідэалагічны і прапагандысцкі складнік, падтрымка ваеннай агрэсіі ва Украіне. У 2022 годзе ў шэсці ў чарговы раз прыняў удзел прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін. Удзельнічаюць у акцыі і іншыя высокапастаўленыя расійскія чыноўнікі. Многія ўдзельнікі выкарыстоўваюць сімволіку часоў СССР, георгіеўскія стужкі (адзін з сімвалаў расійскай агрэсіі ва Украіне), партрэты Іосіфа Сталіна.

У Беларусі акцыя “Бессмяротны полк” праводзіцца з 2012 года. Афіцыйна ўлады ў ёй не ўдзельнічаюць. Пры гэтым беларускія чыноўнікі ў Дзень Перамогі замест георгіеўскіх стужачак выкарыстоўваюць чырвона-зялёную “Яблыневы колер”, стылізаваную пад дзяржаўны сцяг.

1 сакавіка 2019 года Аляксандр Лукашэнка выказаўся супраць правядзення акцыі “Бессмяротны полк” на дзяржаўным узроўні.

“Я катэгарычна супраць. Не таму, што супраць гэтай акцыі. Гэта бліскучая акцыя, расійская акцыя, мы з прэзідэнтам Расіі абмяркоўвалі некалькі гадоў таму гэтае пытанне, — сказаў Лукашэнка. — Я кажу: “Таксама там вашы нас папракаюць, што мы нібыта забараняем “Бесмяротны полк”. Вы ж у нас, груба сказаў так, перадралі гэтую ідэю”. Памятаеце? “Беларусь памятае”. Дакладна такое ж шэсце. Чаму мы павінны кінуць сваё “Беларусь памятае” і схапіцца за “Бессмяротны полк”? Калі па сваёй сутнасці і нават па знешняй форме яны падобныя, яны аднолькавыя”.

Лукашэнка другі раз за чатыры дні заявіў, што ў Беларусі можна насіць георгіеўскія стужачкі, і заадно абвінаваціў Украіну ў нацызме

2 траўня, Позірк. У Беларусі не забаронена насіць георгіеўскія стужачкі, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы 2 траўня ў Мінску з кіраўніком Астраханскай вобласці (РФ) Ігарам Бабушкіным. “Хочаце з [георгіеўскімі] стужачкамі — калі ласка. Хочаце з нашымі гэтымі, вы ведаеце, стужачкамі …
Падзяліцца: