Мінск 13:12

Падлеткаў, якія паказвалі непрыстойныя жэсты на фоне салюту 9 траўня ў Магілёве, прымусілі выбачыцца, ім пагражае прафілактычны ўлік (абноўлена)

Крыніца: тэлеграм-канал MOGILEVNEWS / скрыншот "Позірку"

11 траўня, Позірк. Відэазапіс з выбачэннямі падлеткаў, якія паказвалі непрыстойныя жэсты на фоне салюту 9 траўня ў Магілёве, апублікаваў адзін з праўладных тэлеграм-каналаў, звязаных з сілавікамі.

На запісе паказаны тры дзяўчынкі — карцінка знарок размытая, каб не было відаць твараў, галасы змененыя. Адна з іх плача.

Сітуацыя ўзнікла праз апублікаваны ў “ЦікТоку” кароткі відэаролік, на якім група дзяцей сустракае святочны салют паднятымі сярэднімі пальцамі.

Блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал, які размясціў відэазапіс з выбачэннямі падлеткаў, заявіў, што магілёўская міліцыя “імгненна адрэагавала і аператыўна вызначыла ўсіх удзельнікаў інцыдэнту”. Адзначаецца, што “ў кадры — 6 дзяўчат ад 13 да 15 гадоў з розных школ горада і раёна”. Таксама, паводле сцвярджэння гэтага рэсурсу, “высветлены і 13-гадовы хлопец, які здымаў прыяцелек”.

“Цяпер усе непаўналетнія будуць пастаўленыя на прафілактычны ўлік, а тыя, хто дасягнуў 14 гадоў, — яшчэ і прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці за дробнае хуліганства. Іх бацькі таксама не сыдуць ад адказнасці: ім пагражае штраф за невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей і абавязкаў па суправаджэнні непаўналетняга ва ўзросце да шаснаццаці пасля 23:00”, — гаворыцца ў паведамленні.

У тэксце заяўлена, што “9 траўня для кожнага беларуса — не проста дата, а асабістае свята, якое звязвае мінулае і сучаснасць”, і падкрэсліваецца, што дзеці “не ведаюць, што такое вайна, але павінны ведаць, якім коштам заваяваны мір, і шанаваць гэта”.

Раней праўладныя рэсурсы практычна штодня публікавалі відэазапісы з затрыманымі з палітычных матываў, але цяпер звяртаюцца да гэтай практыкі вельмі рэдка.

Абнаўленне.

11 траўня ў тэлеграм-канале абласной дзяржгазеты “Магілёўскія ведамасці“ апублікавана відэа, на якім паведамляецца, што для ўдзельнікаў інцыдэнту (шасці дзяўчат і аднаго хлопца) праведзены “ўрок памяці“ — ля мемарыяла жыхарам спаленых вёсак у в. Боркі Кіраўскага раёна.

На ім у суправаджэнні невядомых дарослых ім паказваюць кадры з ваеннай мастацкай драмы “Ідзі і глядзі” Элема Клімава (“Беларусьфільм”, 1985). Ва ўсіх на вопратцы прымацаваная афіцыйная сімволіка святкавання Дня Перамогі з яблыневай кветкай.

Далей паказаны кадры з самага мемарыяла. Падчас экскурсіі дзеці па чарзе ўслых зачытваюць надпісы на ім, затым — ускладаюць кветкі.

Таксама яны запальваюць свечкі ў царкве, з дабраслаўляе праваслаўны святар.

З рэлізу вынікае, што гэта протаіерэй Сергій Лабада. На сайце Тураўскай епархіі БПЦ пазначана, што 51-гадовы клірык з’яўляецца настаяцелем Крыжа-Узвіжанскага храма ў Магілёве і благачынным цэркваў гарадской акругі. Таксама ён узначальвае епархіяльны аддзел па сувязях з узброенымі сіламі і “праваслаўны ваенна-патрыятычны клуб “Перасвет“.

Падзяліцца: