Мінск 08:42

Беларусь і РФ “абавязаныя ўмацоўваць як мага хутчэй” агульную абарону, заяўляе расійскі міністр Белавусаў

Міністр абароны РФ Андрэй Белавусаў
Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

16 траўня, Позірк. У Беларусі і Расіі “агульная абаронная прастора”, якую дзве дзяржавы ўмацоўваюць “праз вельмі складаную міжнародную абстаноўку”, заявіў міністр абароны РФ Андрэй Белавусаў 16 траўня ў Мінску на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

“Абавязаныя ўмацоўваць як мага хутчэй”, — цытуе расійскага чыноўніка прэс-служба гаспадара сустрэчы.

Белавусаў назваў тры ключавыя напрамкі, па якіх Масква і Мінск вядуць сумесную працу. Першым, паводле яго слоў, з’яўляецца “падвышэнне зладжвання войскаў і працы штабоў”. Галоўная падзея ў гэтым плане, заявіў міністр абароны РФ, — будучыя вучэнні “Захад-2025”, што запланаваныя на пачатак восені і пройдуць адначасова на палігонах дзвюх краін.

“Навучанне вайскоўцаў Беларусі ў вышэйшых навучальных установах Расіі — гэта другі напрамак (цяпер аднамаментна ў профільных расійскіх ВНУ навучаецца больш як 300 чалавек з Беларусі), — адзначыў чыноўнік. — Мы актыўна перадаем досвед і плануем далей перадаваць досвед самых сучасных форм вядзення баявых дзеянняў з улікам досведу спецыяльнай ваеннай аперацыі (так расійскія і беларускія ўлады называюць развязаную РФ вайну супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль. — “Позірк”.), у тым ліку з выкарыстаннем беспілотных сістэм, што цяпер становіцца асабліва актуальным”.

Трэці кірунак, паводле слоў Белавусава, уключае двухбаковую вайскова-тэхнічную супрацу. “Мы з [міністрам абароны Беларусі] Віктарам Генадзевічам [Хрэніным] сёння яшчэ запланавалі дэталёва абмеркаваць, прайсці па ўсім парадку дня. Ён у нас шырокі, толькі [у расійскага боку] 15 пытанняў. Думаю, у Віктара Генадзевіча пабольш будзе, але яны перасякаюцца. Абавязкова гэта ўсё абмяркуем”, — падкрэсліў госць.

Лукашэнка заявіў, што ўдзячны Расіі за пастаўкі закупленых Беларуссю ўзораў узбраення. У прыватнасці, патлумачыў ён, гаворка ідзе пра самалёты, верталёты ды іншае. “Мы вельмі актыўна працуем над перспектыўнымі відамі ўзбраенняў. Рэалізуем задуму, якую мы абмяркоўвалі з Уладзімірам Пуціным па размяшчэнні тут самых перадавых відаў зброі для абароны. У тым ліку [ракетнага комплексу] “Арэшнік”. Мы тут значна рушылі наперад”, — сцвярджае спікер.

11 траўня камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл Андрэй Лук’яновіч заявіў у эфіры тэлеканала СТБ, што напрыканцы гэтага месяца Беларусь атрымае з РФ першую пару знішчальнікаў Су-30СМ2.

Паводле яго слоў, самалёты Су-30СМ2 — у параўнанні СУ-30СМ, якія стаяць на ўзбраенні Беларусі, — “больш удасканаленыя, маюць сучасную авіёніку”, маюць “зусім іншыя магчымасці” ў частцы “прымянення авіяцыйных сродкаў паражэння”.

Лук’яновіч таксама паведаміў, што на ўзбраенне ВПС Беларусі “паступае новая авіяцыйная тэхніка — верталёты новыя Мі-35М, самалёты Су-30СМ”.

9 лютага намеснік міністра абароны па ўзбраенні Андрэй Федзін у інтэрв’ю праграме “Арсенал” на тэлеканале “Беларусь 1” заявіў, што Беларусь у 2024 годзе прыняла на ўзбраенне больш за 90 узораў тэхнікі.

Частка тэхнікі “беларускай вытворчасці”, удакладніў ён: зенітны ракетны комплекс “Бук-МБ” (СССР/РФ, выкарыстоўвае шасі вытворчасці МЗКЦ), тактычны выведвальны БПЛА “Беркут-3” і ўдарны беспілотнік “Чакан-В”.

Паводле слоў Федзіна, пастаўленыя шматмэтавыя знішчальнікі Су-30СМ, ударныя верталёты Мі-35М, радыёлакацыйныя комплексы “Сопка” і “Праціўнік-ГМ”, усевышынныя выяўляльнікі, танкі і мадэрнізаваныя ў Беларусі бронетранспарцёры і баявыя машыны рэактыўнай сістэмы залпавага агню “Град”.

Мінск і Масква не збіраюцца "ні на каго нападаць" падчас вучэнняў "Захад-2025" — Лукашэнка на сустрэчы з міністрам абароны РФ (дапоўнена)

дапоўнены абзац 4 16 траўня, Позірк. "Да вучэнняў мы гатовыя, нічога ні ад каго не хаваем", — заявіў Аляксандр Лукашэнка 16 траўня ў Мінску на сустрэчы з міністрам абароны Расіі Андрэем Белавусавым, маючы на ​​ўвазе стратэгічныя манеўры "Захад-2025", якія плануецца правесці ў …
Падзяліцца: