Мінск 04:04

Федэрацыя дзюдо Украіны супраць допуску да спаборніцтваў беларускіх дзюдаістаў з дзяржсімволікай

Крыніца: сацсеткі ФДУ

17 траўня, Позірк. Федэрацыя дзюдо Украіны (ФДУ) выказала “рашучы пратэст” у сувязі з рашэннем Міжнароднай федэрацыі дзюдо (IJF) дапусціць да спаборніцтваў беларускіх дзюдаістаў з дзяржаўнай сімволікай.

У заяве, якую ўкраінскае спартовае аб’яднанне апублікавала 17 траўня, гэтае рашэнне названае “грубым парушэннем рэкамендацый Міжнароднага алімпійскага камітэта і сур’ёзным ударам па прынцыпах справядлівасці ў спорце”.

“Беларусь, якая садзейнічала і падтрымлівае несправакаваную ваенную агрэсію Расіі супраць Украіны, не можа быць прадстаўленая на міжнароднай спартыўнай арэне пад уласнымі нацыянальнымі сімваламі да тае пары, пакуль працягваецца вайна ва Украіне, — адзначыла федэрацыя. — Такая легітымацыя агрэсара падрывае давер да спартыўных інстытутаў і стварае стандарт спорце”.

ФДУ “глыбока расчараваная і абураная гэтым неабгрунтаваным рашэннем” і разам з Міністэрствам моладзі і спорту Украіны, а таксама ўкраінскім Нацыянальным алімпійскім камітэтам рыхтуе “адпаведныя звароты ў міжнародныя спартыўныя арганізацыі”.

“Украінскае дзюдо стаіць на абароне сумленнага і справядлівага спорту і ніколі не пагодзіцца з тым, каб краіны, якія садзейнічалі агрэсіі супраць Украіны, былі прадстаўленыя на міжнароднай спартыўнай арэне, пакуль іх дзеянні працягваюць несці пагрозу нашай дзяржаве і нашым грамадзянам”, — гаворыцца ў заяве.

Пра тое, што IJF дапусціла беларускіх спартсменаў да ўдзелу ў спаборніцтвах пад сваёй эгідай, дазволіўшы выкарыстоўваць дзяржаўныя флаг, герб і гімн, напярэдадні паведаміў Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі. Рашэнне пачне дзейнічаць 1 чэрвеня 2025 года.

28 лютага 2022 года, праз чатыры дні пасля поўнамаштабнага ўварвання расійскай арміі на тэрыторыю Украіны, Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў міжнародныя спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з Расіі і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання.

У верасні таго ж года выканкам IJF адхіліў расійскіх і беларускіх спартсменаў ад выступлення на міжнародных спаборніцтвах, “улічваючы існую міжнародную абстаноўку”, да студзеня 2023-га.

28 сакавіка 2023 года па выніках пасяджэння выканкама ў Лазане (Швейцарыя) МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у нейтральным статусе.

Праз месяц, 28 красавіка, IJF дазволіла расійскім і беларускім дзюдаістам выступаць на чэмпіянаце свету ў горадзе Доха (Катар) 7–14 траўня — у нейтральным статусе. Гэта было зроблена, як адзначалася, каб “усе спартсмены, незалежна ад іх нацыянальнасці або паходжання, мелі магчымасць спаборнічаць на роўных умовах без дыскрымінацыі”.

IJF, заяўляючы пра допуск прадстаўнікоў Беларусі і РФ, падкрэсліла, што да спаборніцтваў дапушчаныя “спартсмены, у дачыненні да якіх не было выяўлена інфармацыі, якая прадугледжвае падтрымку расійскага ўварвання ва Украіну”.

ФДУ ў адказ на гэтае рашэнне адклікала заяўку сваёй зборнай на ўдзел у чэмпіянаце свету.

Падзяліцца: