Беларусы ў Вільнюсе падтрымалі палітзняволеных і ушанавалі памяць памерлых вязняў

18 траўня, Позірк. Каб падтрымаць тых, хто знаходзіцца за кратамі ў Беларусі, і ўшанаваць памяць памерлых вязняў, прадстаўнікі дыяспары сабраліся 18 траўня ў Вільнюсе на мітынгу, прымеркаваным да Міжнароднага дня салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі (адзначаецца 21 траўня).
Арганізатары акцыі разгарнулі на Катэдральнай плошчы ў цэнтры літоўскай сталіцы плакат з фатаграфіямі беларускіх вязняў, размясцілі партрэты памерлых у няволі, а таксама ўсталявалі інсталяцыю — шэрагі чорных маек з жоўтымі біркамі як сімвал тых, хто цяпер за кратамі, і белых маек — напамін пра тых, хто зняволенне не перажыў.
Перад удзельнікамі мітынгу зачыталі ліст палітзняволенага актывіста Вітольда Ашурка (памёр 21 траўня 2021 года ў шклоўскай калоніі № 17 пры загадкавых абставінах) да маці. Запрошаная пасля гэтага да мікрафона Святлана Ціханоўская прызналася, што “вельмі цяжка прамаўляць пасля эмацыйных слоў з ліста Вітольда Ашурка — першага палітвязня, які памёр за кратамі”. “І вельмі сумна ўсведамляць, што яго маці, якой Вітольд напісаў такі пяшчотны ліст, не пабачыла сына жывым. Алена Міронаўна памерла год таму”, — сказала яна.
Дэмакратычны лідар нагадала, што “за кратамі дагэтуль тысячы палітзняволеных” і ўмовы іх утрымання “нават пагоршыліся з моманту атрымання ліста ад Вітольда”.
“Далёка не ўсім дазволена атрымліваць лісты, перадачы, многія занесеныя ў спіс “асабліва небяспечных”, — заявіла палітык. — Іншых трымаюць у поўнай ізаляцыі ад знешняга свету — так званы рэжым інкамунікада. Гэта выпадак Аляксандра Арановіча, Віктара Бабарыкі, Максіма Знака, Марыі Калеснікавай, Уладзіміра Кнігі, Ігара Лосіка, Мікалая Статкевіча і майго мужа Сяргея Ціханоўскага”.
Іх родныя і блізкія, падкрэсліла дэмлідар, жывуць “у поўным няведанні”, не ўпэўненыя, ці жывыя тыя.
“Колькасць ахвяр лукашэнкаўскага рэжыму сёлета падвысілася, — канстатавала Ціханоўская. — Дзве маладыя жанчыны — Ганна Кандраценка і Тамара Каравай, нягледзячы на сур’ёзныя праблемы са здароўем, былі асуджаныя на доўгія тэрміны. Неўзабаве пасля вызвалення яны памерлі. Ім было 39 і 45 гадоў. Гэтыя смерці, вядома, — трагедыя для нас усіх”.
“Мы таксама ведаем, што ў турме на знак пратэсту галадае Вікторыя Кульша. Ёй прызначылі пяты суд запар, хаця мусілі выпусціць на волю ўвесну. Вельмі многіх так судзяць паўторна. Мы патрабуем ад рэжыму неадкладна вызваліць Вікторыю з гуманітарных меркаванняў”, — дадала яна.






Рэжым Аляксандра Лукашэнкі, адзначыла палітык, не пакідае людзей у спакоі нават тады, калі тыя выходзяць на волю пасля “адбыцця свайго незаконнага пакарання”. Былым вязням, паводле яе слоў, “надзвычай цяжка вярнуцца да нармальнага жыцця, ці то ў Беларусі, ці то за мяжою”. “Нават пасля вызвалення людзей трымаюць у закладніках, абмяжоўваюць у перамяшчэнні і пагражаюць вярнуць за краты”, — заявіла спікер.
Ціханоўская падзякавала “усім грамадскім арганізацыям, якія апякуюцца палітвязнямі”, арганізатару акцыі — зарэгістраванай у Літве “Дапамозе”, Асацыяцыі палітвязняў Беларусі, “народным амбасадам” і усім, хто бярэ ўдзел у Міжнародным дні салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі.
“Беларусы па ўсім свеце арганізуюць акцыі падтрымкі. Памятайце, што мы павінны заўжды нагадваць свету пра нашых палітвязняў, не даваць рэжыму перагарнуць старонку, змагацца за вызваленне кожнага і кожнай”, — заклікала палітык.
Дэмлідар таксама падзякавала “Літве, Польшчы, Паўночным краінам, усім краінам ЕС, Вялікабрытаніі, Канадзе і ЗША” за тое, што далучыліся да дня салідарнасці; усім краінам, якія зрабілі ўнёсак у Міжнародны гуманітарны фонд; людзям, якія сталі сімвалічнымі хроснымі палітвязняў, падтрымлівюе іх сем’і, прымаюць былых палітвязняў.
“Нават тыя, каго трымаюць у ізаляцыі, ведаюць, што яны не забытыя, не пакінутыя, што свет бачыць іх, што справядлівасць будзе”, — упэўненая Ціханоўская.
Палітык нагадала, што “сярод закладнікаў рэжыму маюцца таксама замежныя грамадзяне — украінцы, палякі, літоўцы, латышы, японцы, брытанцы”. Яна заклікала “ўзмацняць ціск да тае пары, пакуль дыктатар не выпусціць іх усіх — мужчын і жанчын, маладых і старых, беларусаў і замежнікаў”.
“Вітольд Ашурак заўжды верыў у перамены. І я веру. Але каб яны адбыліся, кожны з нас павінен рабіць хоць нешта, — падкрэсліла Ціханоўская. — Не трэба тут вялікіх подзвігаў. Дастаткова малых, але шчырых учынкаў: падтрымаць палітвязня, напісаць ліст, навучыць дзіця роднай мове, заданаціць, расказаць сябрам праўдзівыя навіны, уцягнуць новых людзей у грамадскую працу. І ніколі не губляць надзеі”.
“Бо менавіта так — праз падтрымку адно аднаго — мы будуем нашую будучыню. Я вельмі ўдзячная кожнаму, хто сёння прыйшоў сюды ўшанаваць памяць загінулых ад рук рэжыму, а таксама падтрымаць усіх нашых палітвязняў”, — падсумавала спікер.
На 18 траўня беларуская праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнямі 1.173 чалавекі, аднак людзей, якія пацярпелі ад рэпрэсій у той ці іншай форме, нашмат больш.
Апрача Ашурка за апошнія гады ў Беларусі памерла яшчэ не менш за шэсць палітвязняў — Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік, Аляксандр Кулініч, Дзмітрый Шлетгаўэр.
- Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаБольшасць грамадзян Румыніі, якія галасавалі ў Беларусі, выбралі праеўрапейскага кандыдата (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- ГрамадстваУ апошнюю анамальна халодную ноч на беларускіх метэастанцыях зафіксавана пяць тэмпературных антырэкордаў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- ЭканомікаВіцебская вобласць з'яўляецца аўтсайдарам па большасці сацыяльна-эканамічных паказчыкаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка, Эканоміка
- ЭканомікаЗа чатыры месяцы ў Беларусі пабудавана на 5,7% больш кватэр, чым годам раней (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- АнонсыАнонсы падзей на 19 траўня — 1 ліпеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- ПалітыкаЛатушка публічна палемізаваў з Пазьняком аб санкцыях (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка