Мінск 21:31

Праз “зрушэнне прыярытэтаў” ЕС скароціць штат шэрагу прадстаўніцтваў, у тым ліку ў Беларусі — СМІ

Архіўнае фота: "Позірк"

20 траўня, Позірк. Дыпламатычная служба ЕС мае намер скараціць каля 10 замежных дэлегацый і прыкладна 100 мясцовых супрацоўнікаў на фоне “бюджэтных скарачэнняў і больш маштабных перастановак”, піша выданне POLITICO са спасылкай на дакумент, з якім яго азнаёмілі два чыноўнікі, што ведаюць пра гэтыя планы.

Вярхоўная прадстаўніца ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас, паводле інфармацыі медыя, прадставіла план змянення Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў (ЕСЗД) вышэйшым службовым асобам Еўракамісіі ў мінулую сераду і “атрымала зялёнае святло на правядзенне рэарганізацыі, якая будзе ажыццяўляцца на працягу наступных двух гадоў”.

Паведамляецца, што пад скарачэнне трапілі дэлегацыі тых краін, у якія “ЕС больш не зацікаўлены <…> накіроўваць значную колькасць дыпламатаў і супрацоўнікаў, напрыклад, Беларусі або Лесота”. Прыярытэты ЕС “зрушваюцца ад дапамогі ў мэтах развіцця да рэалізацыі стратэгічных інтарэсаў, такіх як захаванне санкцый або абароннае партнёрства, і рэсурсы перанакіроўваюцца ў адпаведнасці з гэтым”, адзначылі крыніцы POLITICO.

Хоць ЕСЗД не плануе афіцыйна закрываць аніводнае з 144 замежных прадстаўніцтваў, каля дзесяці “будуць скарочаныя да асноўнага персаналу, такога як амбасадар і адзін ці два памочнікі, а мясцовыя супрацоўнікі будуць паступова скарачацца”. Каля 100 мясцовых супрацоўнікаў, хутчэй за ўсё, будуць скарочаныя ў два этапы — у 2026 і 2027 гадах.

За больш як 14 гадоў існавання штат ЕСЗД вырас з некалькіх дзясяткаў да звыш 5,2 тыс. супрацоўнікаў. Прадстаўніцтвы ЕС сярод іншага адказваюць за стасункі з мясцовымі ўрадамі, размеркаванне сродкаў і грантаў ЕС, а таксама — у некаторых выпадках — за выкананне місій, напрыклад, складанне справаздач пра сітуацыю ў зонах канфліктаў.

Аднак зараз саюз імкнецца “больш вузка сфакусавацца на стратэгічных інтарэсах, напрыклад, на ўзаемадзеянні з урадамі, ад якіх залежыць выкананне санкцый ЕС супраць Расіі”, адзначае POLITICO.

Увосень 2024 года “Позірк” атрымаў інфармацыю, што прадстаўніцтва ЕС скарачае ў мінскім офісе адзін з аддзелаў.

Афіцыйны прадстаўнік Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Петэр Стано ў каментарыі “Позірку” пацвердзіў 1 кастрычніка гэтую інфармацыю, адзначыўшы, што частка супрацоўнікаў прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Мінску пераведзеная ў Брусель.

Паводле яго слоў, прынятая мера абумоўленая сённяшняй сітуацыяй у Беларусі і ўзроўнем двухбаковых стасункаў Мінска і ЕС.

Пры гэтым, адзначыў Стано, адкліканыя супрацоўнікі працягнуць у Бруселі “сваю важную працу, звязаную з Беларуссю”.

Падзяліцца: