Мінск 01:49

Нацбанк трэці месяц запар не мяняе разліковыя велічыні стандартнай рызыкі

21 траўня, Позірк. На чэрвень 2025 года Нацыянальны банк пакінуў без зменаў разліковыя велічыні стандартнай рызыкі (РВСР).

Як вынікае з паведамлення рэгулятара, па крэдытах (новых у беларускіх рублях за выключэннем ільготных) для юрыдычных асоб РВСР застануцца на сакавіцкім узроўні — 12,87%, для фізічных асоб — 18,18%. Велічыні былі паднятыя 20 лютага на 0,37 і 0,47 працэнтнага пункта адпаведна.

РВСР не мяняліся са жніўня 2024 года да лютага 2025-га і знаходзіліся на ўзроўні 12,5% і 17,71%.

На студзень мінулага года РВСР былі ўстаноўленыя на ўзроўні 11,26% і 16,44% адпаведна, люты — красавік — 11,61% і 16,33%, травень — ліпень — 11,98% і 17,22%.

Сістэму мер макрапрудэнцыйнага характару, скіраваную на абмежаванне сістэмнай рызыкі, што генеруецца бізнес-мадэлямі банкаў з падвышаным рызыка-апетытам, Нацбанк увёў 1 сакавіка 2019 года.

У яе аснове ляжыць падыход, у адпаведнасці з якім да банкаў, якія рэалізуюць такія бізнес-мадэлі, прымяняюцца падвышаныя рэгулятарныя патрабаванні ў галіне дастатковасці капіталу, фармавання адмысловых рэзерваў на пакрыццё магчымых страт і фармавання фонду абавязковых рэзерваў.

У якасці індыкатара, які паказвае на падвышаны ўзровень рызыкі рэалізаваных банкамі бізнес-мадэляў, выкарыстоўваецца перавышэнне вызначаных працэнтных ставак па новых укладах, крэдытах і эмітаваных аблігацыях над адпаведнымі РВСР. У аснове алгарытму разліку індыкатара ляжыць сярэдняе арыфметычнае, а таксама мера варыяцыі працэнтных ставак, што быруцца ў разлік.

Сярэднія стаўкі па крэдытах банкаў (тут і далей без уліку міжбанкаўскіх крэдытаў) выраслі ў мінулым месяцы на 0,04 працэнтнага пункта (з 10,75% у сакавіку да 10,79% у красавіку), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага банка.

У студзені 2025 года сярэдняя стаўка была роўная 10,36%, лютым — 10,66%.

Такім чынам, з пачатку года сярэдняя стаўка вырасла на 0,43 п.п.

У студзені 2024-га яна складала 9,63%, лютым — 9,71%, сакавіку — 9,79%, красавіку — 9,83%, траўні — 9,88%, чэрвені — 9,92%, ліпені — 9,99%, жніўні — 10,11%, верасні — 10,18%, кастрычніку — 10,28%, лістападзе — 10,33%, снежні-10,01%. Рост за год — 0,38 п.п.

Запазычанасць па рублёвых і валютных крэдытах, выдадзеных банкамі юрыдычным асобам, на 1 красавіка 2025 года склала 60 млрд 223,7 млн рублёў.

Праведзены Позіркам аналіз паказаў, што актуальная сума запазычанасці на 13,6% большая, чым было на 1 красавіка 2024-га (53 млрд 11,9 млн рублёў), і на 2,2%, чым на 1 студзеня 2025-га (58 млрд 952,8 млн).

Пратэрмінаваная запазычанасць на 1 красавіка склала 985,9 млн рублёў (рост у 5,7 раза ў гадавым вымярэнні). На 1 студзеня яна складала 733,5 млн рублёў (+34,4%).

У студзені — сакавіку 2025 года банкі, якія працуюць у Беларусі, выдалі фізічным асобам крэдытаў на 4 млрд 54,7 млн рублёў — на 16,5% больш, чым за першы квартал 2024-га (3 млрд 479 млн), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу звестак Нацыянальнага банка.

Пратэрмінаваная запазычанасць фізічных асоб па крэдытах на 1 красавіка 2025 года склала 42,7 млн рублёў (33,2 млн; +28,6%).

Падзяліцца: