Мінск 10:55

Крэмль выдзяляе сотні тысяч долараў на прасоўванне ідэй “рускага свету” ў Беларусі — расследаванне

Ілюстрацыйнае фота: rzd.ru

21 траўня, Позірк. Масіўная ўцечка звестак з расійскага Фонду падтрымкі і абароны правоў суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой (Праўфонда), дапамагла ўстанавіць, што Крэмль “ужо доўгі час шчодра спансуе сваіх марыянетак у Беларусі”, гаворыцца ў публікацыі даследчага цэнтра “Бюро”.

Адзначаецца, што доступ да сакрэтных дакументаў атрымала Дацкая вяшчальная карпарацыя (DR), яна падзялілася інфармацыяй з Цэнтрам па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці (OCCRP).

“Бюро”, як заяўляецца, вывучыла “сотні файлаў”: заяўкі на гранты і фінансавыя справаздачы, “перапіску з куратарамі”, банкаўскія выпіскі. Паводле сцвярджэння расследвальнікаў, дакументы “праліваюць святло на шматгадовую гісторыю падтрымкі “мяккай сілы” ў Беларусі”. “Агульны аб’ём грантаў — сотні тысяч долараў”, — падкрэсліваецца ў публікацыі.

Згаданы крамлёўскі фонд фінансаваў розныя праекты ў Беларусі: “ад выдання прапагандысцкай літаратуры і круглых сталоў да дзейнасці Цэнтра прававых кансультацый у Мінску, ад кампенсацыі юрыдычнай дапамогі для затрыманай актывісткі да стварэння музея савецкіх манументаў, вывезеных з Еўропы”. “Асабліва інтэнсіўна” фонд пачаў працаваць пасля падаўлення ў Беларусі пратэстаў 2020 года, адзначае выданне.

Апорай “рускага свету” ў Беларусі называецца офіс руху “Саюз” у цэнтры Мінска, дзе “раздаюцца георгіеўскія стужачкі і збіраюць гуманітарную дапамогу для расійскіх вайскоўцаў”. Кіраўнік руху Сяргей Лушч, як сцвярджаецца, “асабіста вазіў прадукты, медыкаменты, насілкі і генератар на перадавую”.

“Мілавідны актывіст з неанацысцкім мінулым не хавае свае прарасійскія погляды. Але пра сёе-тое ён палічыў за лепшае з намі не гаварыць. А менавіта пра гранты ад Праўфонда. На запуск Цэнтра прававых кансультацый у Мінску крамлёўскія куратары выдзелілі больш за 60 тыс. долараў. Атрымальнікам гранта ў дакументах указана яшчэ адна арганізацыя, якую сузаснаваў і ўзначаліў Лушч — асацыяцыя “Садзейнічанне развіццю інтэграцыі, міжнароднага сацыяльна-культурнага і дзелавога супрацоўніцтва”. Паводл нашых падлікаў, бюджэт Цэнтра прававых кансультацый за 2022–2023 гады перавысіў 160 тыс. долараў. Больш за палову пайшло на заробкі работнікаў: кіраўніка, юрыста, сакратара, сістэмнага адміністратара”, — адзначаюць аўтары расследавання.

На 2024 год Лушч папрасіў у Праўфонда на працу цэнтра больш за 60 тыс. долараў.

Да пратэстаў 2020 года актыўнасць “рускага свету” ў Беларусі зводзілася ў асноўным да “правядзення прапагандысцкіх мерапрыемстваў”: “канферэнцый, чытанняў, форумаў, байкерскага злёту, фестывалю казацкага мастацтва”, паведамляюць расследвальнікі, звяртаючы ўвагу, што “частымі гасцямі такіх мерапрыемстваў былі прадстаўнікі расійскай амбасады ў Беларусі”.

“Пры амбасадзе працуе Каардынацыйны савет расійскіх суайчыннікаў (КСОРС). У гэты савет уваходзіць каля трох дзясяткаў арганізацый. Акрамя “Саюза”, гэта менш вядомыя прарасійскія сілы накшталт Рускага дома, Рускага грамадства, Зямляцтва Данбаса, Крымскага зямляцтва, Цэнтра казачай культуры і іншых арганізацый”, — гаворыцца ў публікацыі.

КСОРС узначальвае “былы настаўнік гісторыі і віцебскі чыноўнік”, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Андрэй Герашчанка. У яго, паводле даных аўтараў, “шматгадовая гісторыя супрацоўніцтва” з Праўфондам: “За кошт фінансавай падтрымкі расійскіх донараў Герашчанка рэалізаваў свае пісьменніцкія амбіцыі. З 2018 года Праўфонд выдзеліў яму каля 70 тыс. долараў на выданне пяці кніг пра Вялікую Айчынную вайну”.

“У КСОРС ёсць уласны сайт з недвухсэнсоўнай назвай “Разам з Расіяй”, дзе публікуецца расійская прапаганда. Крамлёўскі фонд выдзеліў каля 10 тыс. долараў на запуск прававой рубрыкі на гэтым сайце ў 2022 годзе, дзе ў тым ліку ёсць асобны раздзел “Для грамадзян Украіны, ЛНР і ДНР”, — заяўляюць расследвальнікі.

Заяўку на згаданы грант, паводле іх інфармацыі, падаваў намеснік старшыні КСОРС, юрыст Андрэй Лапацкі, ураджэнец Севастопаля (анексаваны Крым), які заснаваў у Беларусі сацыяльна-культурны цэнтр “Крымскае зямляцтва”. Ад імя гэтага цэнтра Лапацкі падпісваў пагадненне аб супрацоўніцтве з чыноўнікамі з акупаванага Крыма, удакладняецца ў расследаванні.

У сферу інтарэсаў Праўфонду ў Беларусі ўваходзіў не толькі савет пры расійскай амбасадзе: “Калі пару гадоў таму ў Польшчы пачалі дэмантаваць савецкія помнікі ў рамках праграмы дэкамунізацыі краіны, брэсцкая прадпрымальніца Наталля Ільніцкая вырашыла іх выратаваць. Яна стала звозіць манументы ў Беларусь, каб стварыць пад Брэстам музей пад адкрытым небам “Алея памяці”. Паводле яе слоў, стварэнне музея падтрымала амбасада Расіі ў Беларусі. Яна папрасіла Праўфонд выдзеліць Ільніцкай фінансавую падтрымку. У чэрвені 2022 года расійскі фонд выдзеліў Ільніцкай амаль 13 тыс. долараў”.

У дакументах таксама знойдзены грант на кампенсацыю юрыдычнай дапамогі былой палітзняволенай Сафіі Сапезе. Яна была затрыманая разам з блогерам Раманам Пратасевічам у траўні 2021 года, калі ў Мінску прымусова пасадзілі авіялайнер кампаніі Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільнюс. Сапега і Пратасевіч былі асуджаныя, але пасля памілаваныя.

Дакументацыя сведчыць, што Праўфонд выдзеліў грамадзянцы Расіі Сапезе больш за 7 тыс. долараў на кампенсацыю адвакацкіх паслуг падчас яе палітычнага пераследу.

Яшчэ адзін грант Праўфонду звязаны з хваляй затрыманняў прарасійскіх актывістаў у 2024 годзе. Адной з першых за краты трапіла пастаянны арганізатар “Бессмяротнага палка” ў Віцебску Эльвіра Мірсалімава, якая таксама была аштрафаваная на суму звыш 800 долараў. Адзначаецца, што грант на пагашэнне выдаткаў сумай 1.100 долараў атрымаў муж жанчыны Дзмітрый Рубанік.

“Паводле нашых падлікаў, за апошнія пяць гадоў Праўфонд выдзеліў каля 400 тыс. долараў на беларускія праекты. Дзейнасць прарасійскіх актывістаў у Беларусі, якая падсілкоўваецца з Крамля, нясе пагрозу для незалежнасці нашай краіны”, — падкрэсліваецца ў расследаванні.

Падзяліцца: