Мінск 05:04

Дэпутаты Еўрапарламента заклікалі ўвесці новыя санкцыі ў дачыненні да арганізатараў і ўдзельнікаў рэпрэсій у Беларусі

Фота: ЕП

21 траўня, Позірк. Адвольныя арышты і палітычна матываваныя затрыманні сталі “ключавымі інструментамі рэжыму Лукашэнкі ў падаўленні іншадумства”, гаворыцца ў заяве старшыні камітэта па замежных справах Еўрапарламента (ЕП) Дэвіда Макалістэра, старшыні Бюро дэлегацыі ЕП па сувязях з Беларуссю Малгажаты Гасеўскай, а таксама яе намеснікаў Томаша Тобе і Міхала Кабоска.

Заява апублікаваная 21 траўня з нагоды Дня салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.

“Тысячы беларусаў былі прыцягнутыя да адказнасці паводле сфабрыкаваных палітычных абвінавачванняў і падвергнутыя рэпрэсіўным умовам утрымання пад вартай, закліканым зняважыць і зламаць іх дух”, — адзначаюць аўтары.

Сістэматычныя парушэнні правоў чалавека, якія здзяйсняюцца рэжымам Лукашэнкі, — некаторыя з якіх могуць уяўляць сабой злачынствы супраць чалавечнасці, — “не павінны застацца беспакаранымі”, падкрэсліваюць еўрадэпутаты.

“Мы заклікаем Еўрапейскі саюз і яго дзяржавы — члены ўвесці мэтавыя санкцыі супраць усіх, хто ўдзельнічаў у пераследзе, вынясенні прыгавораў і жорсткім абыходжанні з палітычнымі зняволенымі, уключаючы іх смерць. Усе вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасці”, — гаворыцца ў заяве.

“Саўдзел Лукашэнкі ў агрэсіўнай вайне Расіі супраць Украіны яшчэ раз падкрэслівае настойлівую неабходнасць прыцягнення вінаватых да адказнасці”, — заяўляюць прадстаўнікі ЕП. У гэтым кантэксце яны “вітаюць” стварэнне трыбунала па злачынству агрэсіі супраць Украіны: “Справядлівасць павінна перамагчы, і вінаватыя ў злачынствах супраць украінскага народа, уключаючы Аляксандра Лукашэнку, павінны паўстаць перад судом”.

Палітыкі пацвердзілі “непахісную прыхільнасць суверэннай, свабоднай і дэмакратычнай Беларусі”.

“Мы заклікаем рэжым Лукашэнкі неадкладна спыніць рэпрэсіі і безумоўна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных. Мы працягнем цесна супрацоўнічаць з дзяржавамі — членамі ЕС, інстытутамі ЕС і міжнароднымі партнёрамі для дасягнення гэтай мэты”, — падкрэсліваюць еўрапарламентарыі.

Міжнародны дзень салідарнасці з беларускімі палітычнымі зняволенымі заснаваны праваабарончым рухам і адзначаецца 21 траўня. Менавіта ў гэты дзень у 2021 годзе палітвязень Вітольд Ашурак памёр у шклоўскай калоніі № 17 (Магілёўская вобласць) пры загадкавых абставінах.

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра “Вясна”, з 2020 года крымінальнаму пераследу паводле палітычных матываў падвергнулася больш за 7 тыс. чалавек.

ЕС і шэраг еўрапейскіх краін запатрабавалі ад уладаў Беларусі вызвалення палітвязняў

21 траўня, Позірк. “Неадкладнага і безумоўнага” вызвалення палітвязняў і іх “поўнай рэабілітацыі” запатрабаваў ад беларускіх уладаў Еўрапейскі саюз. Заява Еўрапейскай службы знешніх сувязяў апублікаваная 21 траўня да Дня салідарнасці з палітвязнямі Беларусі. "Сёння і кожны дзень мы падтрымліваем Беларусь", — …

Падзяліцца: