Мінск 13:18

ЕС і шэраг еўрапейскіх краін запатрабавалі ад уладаў Беларусі вызвалення палітвязняў

Фота: unsplash.com

21 траўня, Позірк. “Неадкладнага і безумоўнага” вызвалення палітвязняў і іх “поўнай рэабілітацыі” запатрабаваў ад беларускіх уладаў Еўрапейскі саюз.

Заява Еўрапейскай службы знешніх сувязяў апублікаваная 21 траўня да Дня салідарнасці з палітвязнямі Беларусі.

“Сёння і кожны дзень мы падтрымліваем Беларусь”, — гаворыцца заяве.

Дзень салідарнасці з палітвязнямі падтрымаў таксама МЗС Эстоніі, заявіўшы, што Талін падтрымлівае ўсіх, хто пераследуецца ў Беларусі “па палітычна матываваных абвінавачваннях за мірны супраціў, словы ці нават актыўнасць у сацыяльных сетках”.

Упаўнаважаны Польшчы па супрацоўніцтве з беларускімі дэмсіламі Адам Халацыньскі заклікаў да “неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі”.

Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы выказаў “падтрымку ўсім тым, хто несправядліва заключаны ў турму за абарону дэмакратыі і правоў чалавека”.

Італьянскі сенатар Марка Ламбарда ў відэазвароце заявіў, што 21 траўня — дзень, калі неабходна “разбурыць сцяну цішыні, выказаць салідарнасць і даць палітвязням зразумець, што іх барацьба за свабоду і дэмакратыю — гэта і наша барацьба таксама”. Паводле яго слоў, гэта таксама магчымасць “даць зразумець рэжыму, які кідае людзей у турмы і катуе іх, што свет глядзіць на яго і патрабуе для Беларусі свабоды і дэмакратыі”.

Былы амбасадар Швецыі ў Беларусі, спецпасланнік па сувязях з беларускімі дэмсіламі, амбасадар Швецыі па “Усходнім партнёрстве” Крысціна Юханесан таксама запатрабавала “неадкладнага і безумоўнага” вызвалення палітвязняў, праілюстраваўшы паведамленне сваім фота ў футболцы з выявай рэпрэсаванага адваката Максіма Знака.

МЗС Латвіі ў Дзень салідарнасці з палітвязнямі, выказаў “рашучую падтрымку і салідарнасць усім несправядліва зняволеным у Беларусі за іх барацьбу за правы чалавека і грамадзянскія свабоды”. “Мы патрабуем, каб беларускі рэжым вызваліў усіх палітвязняў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Палата дэпутатаў Люксембурга апублікавала на сваім сайце заяву, у якой спікер парламента Клод Візелер асудзіў бягучую сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, “асабліва адзначыўшы лёс больш за 1.200 палітычных зняволеных, у тым ліку больш за 150 жанчын”. “Гэта не злачынцы — гэта грамадзяне, адзіным злачынствам якіх было імкненне да свабоднай і дэмакратычнай Беларусі”, — падкрэсліў Візелер.

Ён таксама асудзіў рэжым Аляксандра Лукашэнкі, які, паводле яго слоў, “пабудаваў архітэктуру страху, дзе іншадумства душыцца, свабода слова замоўчваецца, а шчупальцы рэпрэсій распасціраюцца за межы актывістаў, заглушаючы надзеі іх сем’яў і атачэння”. Такая тактыка, паводле сцвярджэння спікера, — “адметная рыса ўрада, які баіцца ўласнага народа”.

“Мы асуджаем гэтыя парушэнні правоў чалавека і патрабуем неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных”, — заявіў Візелер.

“Будучыня Беларусі належыць яе народу, а не тым, хто адмаўляе яму ў асноўных свабодах”, — дадаў ён.

Кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Стэн Нёрлаў заявіў: “У гэты Дзень салідарнасці з палітвязнямі Беларусі мы смуткуем па [памерламу ў зняволенні] Валянціну Штэрмеру”. “Не менш за восем палітвязняў памерлі ў зняволенні ў Беларусі з 2020 года. Мы памятаем іх і заклікаем да неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў”, — падкрэсліў ён.

Міжнародны дзень салідарнасці з беларускімі палітычнымі зняволенымі заснаваны праваабарончым рухам і адзначаецца 21 траўня. Менавіта ў гэты дзень у 2021 годзе палітвязень Вітольд Ашурак памёр у шклоўскай калоніі № 17 (Магілёўская вобласць) пры загадкавых абставінах.

Падзяліцца: