Мінск 13:55

У Гродзенскай вобласці міліцыя стралянінаю спыніла аўтамабіль — за стырном быў п’яны бяспраўнік

Архіўнае відэа: прэс-служба МУС / стоп-кадр: "Позірк"

24 кастрычніка, Позірк. Інспектары Дзяржаўтаінспекцыі Лідскага РАУС (Гродзенская вобласць) выкарысталі зброю, каб спыніць аўтамабіліста-парушальніка, паведаміла 24 кастрычніка прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Паводле інфармацыі ведамства, ля горада Бярозаўка супрацоўнікі ДАІ падалі кіроўцу аўтамабіля “Хёндэ” сігнал на спыненне, але той яго праігнараваў.

Падчас пераследу міліцыянеры неаднаразова патрабавалі ад кіроўцы спыніцца, але ён на іх не рэагаваў. Адзначаецца, што, “віхляючы па праезнай частцы”, кіроўца “ствараў рэальную пагрозу жыццю і здароўю іншых удзельнікаў дарожнага руху”.

“Пасля папярэджання пра выкарыстанне зброі ў бязлюдным месцы па-за населеным пунктам інспектар зрабіў прыцэльныя стрэлы па колах, — гаворыцца ў паведамленні. — За стырном выявіўся 48-гадовы мясцовы жыхар, які не меў правоў [кіроўцы] на падставе стану здароўя. Медыцынскі агляд паказаў каля аднаго праміле алкаголю”.

У дачыненні да кіроўцы складзена шэсць пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні. Ён змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання, аўтамабіль накіраваны на ахоўную стаянку. За кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым стане мужчыну пагражае штраф у памеры 200 базавых велічынь (9.000 рублёў).

Падзяліцца: