Мінск 20:58

Па факце смяротнага ДТЗ на трасе М-6 у Лідскім раёне распачатая крымінальная справа

23 кастрычніка, Позірк. Крымінальная справа распачатая па факце смяротнага дарожна-транспартнага здарэння ў Лідскім раёне (Гродзенская вобласць), паведамляе Следчы камітэт.

Расследаванне адкрытае паводле ч. 2 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху, якое пацягнула смерць чалавека).

Пра аварыю раней паведаміла Дзяржаўтаінспекцыя Гродзенскай вобласці.

Паводле звестак ДАІ, аварыя здарылася 23 кастрычніка каля 10 гадзін на трасе М-6 Мінск — Гродна. 75-гадовы кіроўца ВАЗ, які рухаўся з боку Ліды, пры павароце налева ў напрамку вёскі Радзівонішкі не саступіў дарогу 21-гадоваму кіроўцу “Фальксвагена”, які ехаў з боку Гродна ў напрамку Ліды.

Кіроўца ВАЗа загінуў на месцы. Яго пасажырку даставілі ў бальніцу, аднак выратаваць яе не ўдалося.

Падзяліцца: