Мінск 16:56

Генпракуратура прапанавала СК праверыць кліп расійскага спевака Крыда на адмаўленне “генацыду беларускага народа“

23 кастрычніка, Позірк. “Інфармацыяй, якая патрабуе праверкі ў рамках крымінальна-працэсуальнага заканадаўства”, назвала Генеральная пракуратура Беларусі кліп расійскага спевака Ягора Крыда (Булаткіна), вынікае з афіцыйнага каментара начальніка ўпраўлення ўзаемадзеяння са сродкамі масавай інфармацыі Дзмітрыя Брылёва.

Спікер адзначыў, што кліп быў знойдзены “падчас маніторынгу інтэрнэт-рэсурсаў”. Выканаўца “з’явіўся ў вопратцы са стылізаваным малюнкам галоўнага героя фільма “Ідзі і глядзі”.

“Дызайнеры, якія распрацавалі такую выяву, выкарыстоўвалі афішу фільма, прычым дамалявалі партрэту галоўнага героя татуіроўку і пірсінг, а таксама надпіс “маркіроўка дыстанцыі”, — паведаміў Брылёў

Дэманстрацыя кліпа, паводле заявы прадстаўніка пракуратуры, выклікала “шырокі грамадскі рэзананс” і атрымала “негатыўную ацэнку ў розных сацыяльных сетках і месенджарах”.

Генпракуратура прапанавала Следчаму камітэту “даследаваць выкладзеныя абставіны на наяўнасць прыкмет распальвання сацыяльнай варожасці або варожасці, рэабілітацыі нацызму, адмаўлення генацыду беларускага народа, а таксама іншых злачынстваў”, сказаў Брылёў.

Адзенне, у якой расійскі спявак зняўся ў кліпе, выпушчанае маскоўскім брэндам KM20 сумесна з амерыканскім брэндам Marking Distance. У яго аснове — афіцыйны постар савецкай ваеннай драмы “Ідзі і глядзі”, на якім буйна намаляваны твар галоўнага героя на фоне падпаленай вёскі, але на твар героя дададзеныя татуіроўкі, на рукавах намаляваныя аўтаматы, на спіне — кулямётныя стужкі.

У Расіі на Крыда за кліп абрынулася хваля крытыкі, былі напісаныя скаргі ў Следчы камітэт і Генпракуратуру РФ. Спявак за выбачыўся за вопратку, у кліпе выява на футболцы была заблюраная, з сацсетак і з сайта брэнда гэтая рэч знікла.

Фільм “Ідзі і глядзі” выйшаў у 1985 годзе (рэжысёр Элем Клімаў) — ваенная драма пра трагедыю беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны, заснаваная на “Хатынскай аповесці” беларускага пісьменніка і грамадскага дзеяча Алеся Адамовіча і дакументальных сведчаннях відавочцаў. Галоўную ролю згуляў Аляксей Краўчанка, які цяпер публічна падтрымлівае расійскую агрэсію супраць Украіны.

Падзяліцца: