Мінск 09:38

МУС: У Астравецкім раёне 65-гадовы мужчына адкрыў агонь па міліцыянтах і быў ліквідаваны

Відэазапіс: МУС / стоп-кадр: "Позірк"

23 кастрычніка, Позірк. 65-гадовы жыхар вёскі Старая Рудня Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці быў “ліквідаваны” (міліцэйская фармулёўка) пасля таго, як адкрыў агонь па праваахоўніках, паведаміла раніцай 23 кастрычніка прэс-служба МУС.

Паводле інфармацыі ведамства, у міліцыю паступілі звесткі, што мужчына захоўвае незарэгістраваную паляўнічую стрэльбу і пагражае ім суседзям.

Да месца яго жыхарства выехалі супрацоўнікі міліцыі і атрада спецыяльнага прызначэння “Цыклон“ унутраных войскаў МУС.

Як сцвярджаецца ў рэлізе, убачыўшы праваахоўнікаў, мужчына здзейсніў узброены супраціў і стрэліў у супрацоўнікаў, стварыўшы пагрозу іх жыццю і здароўю, а таксама навакольным.

Вайскоўцы спецпадраздзялення ўжылі зброю. Мужчына быў “абясшкоджаны”. Пры аглядзе яго дома выяўленая самаробная зброя.

МУС нагадвае, што гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і вайскоўцаў унутраных войскаў пры выкананні службовых абавязкаў цягнуць крымінальную адказнасць.

Падзяліцца: