Мінск 16:00

У Мінску ўтойванне кантакту ката з кажаном паставіла ветэрынараў пад рызыку заражэння шаленствам — клініка

Ілюстрацыйнае фота: Amber Kipp / unsplash.com

22 кастрычніка, Позірк. Праз утойванне інфармацыі пра кантакт хатняга ката з кажаном больш за 10 урачоў і асістэнтаў ветэрынарнай клінікі трапілі пад смяротную небяспеку захварэць на шаленства, паведамляе ветэрынарная клініка “Доктар Вет” на сваёй старонцы ў “Інстаграме”.

Супрацоўнікі клінікі шпіталізаваныя і праходзяць экстраную вакцынацыю.

“Кот паступіў з паралічам задніх лап і прыгнечаным станам, — гаворыцца ў паведамленні. — За тыдзень да гэтага — боль у паясніцы і адмова ад ежы. Уладальнікі абышлі некалькі клінік безвынікова. Кот не прышчэплены, але, паводле слоў уладальнікаў, на вуліцы не быў і з іншымі жывёламі не кантактаваў. Дыягностыку завяршыць не паспелі — кот раптоўна памёр”.

Пасмяротнае даследаванне паказала, што жывёла памерла ад шаленства. Гаспадары, як высветлілася, прамаўчалі пра кантакт ката з кажаном.

Клініка падкрэсліла, што “шаленства невылечнае, пры жыцці не дыягнастуецца, пры сімптомах — 100% лятальнасць”. Згодна з заканадаўствам, вакцынацыя супраць шаленства абавязковая для ўсіх сабак і катоў. “Ветэрынарныя ўрачы маюць права адмовіць у аглядзе непрышчэпленай жывёлы. Будзьце сумленныя з урачамі — гэта пытанне жыцця людзей”, — гаворыцца ў паведамленні.

За першую палову 2026 года ва ўстановы аховы здароўя пасля кантакту з шалёнымі жывёламі звярнулася 302 чалавекі, паведаміла на прэс-канферэнцыі 24 верасня ў Мінску загадчыца аддзялення асабліва небяспечных інфекцый аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Анастасія Ляшкевіч.

Паводле яе інфармацыі, штогод каля 20 тыс. чалавек звяртаецца ў медыцынскія ўстановы Беларусі па антырабічную дапамогу (комплекс мер для прадухілення захворвання на шаленства ў людзей пасля ўкусу, драпіны або трапляння сліны падазронай жывёлы).

За першае паўгоддзе зафіксавана 12.954 такія звароты. Зарэгістравана 13 выпадкаў масавага кантакту з хворымі на шаленства жывёламі, калі ад адной жывёлы пацярпела пяць і больш чалавек. У 2026 годзе гэта былі кантакты з сабакамі, якія маюць гаспадароў, а таксама з буйной рагатай жывёлай і безнаглядным сабакам.

Міністэрства аховы здароўя раней паведамляла, што ў красавіку пацверджаны выпадак захворвання на шаленства ў жыхаркі Магілёўскай вобласці. Жанчына атрымала пашкоджанне пры кантакце з безнаглядным катом. Па медыцынскую дапамогу яна не звярталася, курс антырабічных прышчэпак супраць шаленства не атрымала.

Падзяліцца: