Мінск 13:13

Хрэнін: Баявыя магчымасці рэгіянальнай групоўкі Беларусі і РФ падвышаюцца за кошт узаемных паставак узбраенняў

Тры баявыя блокі ракеты комплексу "Піянер" — аднаго з папярэднікаў "Арэшніка" (музей палігона Капусцін Яр у горадзе Знаменск, РФ)
Ілюстрацыйнае фота: Leonidl / Wikimedia Commons

22 кастрычніка, Позірк. За кошт узаемных паставак вайсковай прадукцыі, кааперацыі беларускага і расійскага абаронна-прамысловых комплексаў “падвышаюцца баявыя магчымасці рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) і Адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны”, заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін 22 кастрычніка ў Мінску на пасяджэнні сумеснай калегіі міністэрстваў абароны Беларусі і РФ.

Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага ваеннага ведамства, Мінск і Масква перайшлі да практычнай рэалізацыі праграмы стратэгічнага партнёрства ў вайсковай галіне на 2026–2030 гады, зацверджанай на папярэднім пасяджэнні калегіі ў Маскве. План двухбаковай ваеннай супрацы на 2026 год, як сказаў Хрэнін, уключае больш за 160 сумесных мерапрыемстваў, большасць з якіх — “практычная адпрацоўка задач”: вучэнні, трэніроўкі, зборы, абмен досведам.

Беларускі міністр адзначыў, што падрыхтоўка войскаў будуецца “з улікам сучаснага характару ўзброенай барацьбы”: “Досвед, атрыманы ў рэальных баявых умовах, — беспілотныя сістэмы, сродкі радыёэлектроннай барацьбы, рабатызаваныя комплексы, новыя тактычныя прыёмы — неадкладна ўкараняецца ў сістэму падрыхтоўкі беларускай арміі. Расійскія калегі дзеляцца з намі перадавымі напрацоўкамі, і гэта адзін з самых каштоўных бакоў нашага саюза”.

Паводле яго слоў, “развіццё атрымлівае” таксама “ядзернае стрымліванне на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы — у інтарэсах стратэгічнага парытэту і стрымлівання патэнцыйнага агрэсара”.

Хрэнін падкрэсліў значнасць стратэгічнага партнёрства Беларусі і РФ у кантэксце ваенна-палітычнай абстаноўкі: “Абстаноўка вакол нашых дзяржаў застаецца складанай і дынамічнай”.

“Праводзіцца актыўная навучальна-баявая і выведніцкая дзейнасць паблізу нашых межаў, нарошчваецца вайсковая прысутнасць на ўсходнім флангу Паўночнаатлантычнага альянсу, працягваюцца спробы дэстабілізацыі і правакацый у інфармацыйнай прасторы, — сцвярджае ён. — У гэтых умовах наша сумесная праца — не фармальнасць, а практычная неабходнасць. Менавіта адзінства Беларусі і Расіі дазваляе стабільна ўтрымліваць сітуацыю ў рэгіёне пад кантролем”.

Як паведамлялася раней, на пасяджэнне сумеснай калегіі міністэрстваў абароны прыбыў кіраўнік расійскага ваеннага ведамства Андрэй Белавусаў. Мінабароны Беларусі заявіла, што на парадак дня “вынесеныя пытанні, якія маюць прынцыповае значэнне для ўмацавання абараназдольнасці Саюзнай дзяржавы”.

Гаворка пра “функцыянаванне рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) Беларусі і Расіі”, “удасканаленне аб’яднанай вайсковай інфраструктуры і адзінай сістэмы СПА”, “паглыбленне ўзаемадзеяння органаў вайсковага кіравання ў галіне сумеснай аператыўнай і баявой падрыхтоўкі”.

Падчас анлайн-брыфінгу праз WhatsApp 17 кастрычніка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Расія хоча размясціць у Беларусі балістычную зброю.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі надаў арміі РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле даных журналістаў-расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Падзяліцца: