Мінск 15:24

Прэзідэнт Алжыра пацвердзіў намер наведаць Беларусь, заяўляе беларускае знешнепалітычнае ведамства

Прэзідэнт Алжыра Абдэльмаджыд Тэбун
Архіўнае відэа: Euronews / стоп-кадр: "Позірк"

22 кастрычніка, Позірк. Прэзідэнт Алжыра Абдэльмаджыд Тэбун пацвердзіў намер наведаць Беларусь. Пра гэта было заяўлена 21 кастрычніка на сустрэчы палітыка з беларускім амбасадарам пасля цырымоніі ўручэння даверчых грамат, паведамляе прэс-служба Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Адзначаецца, што бакі таксама абмеркавалі “графік будучых мерапрыемстваў на найвышэйшым і высокім узроўнях, уключаючы запланаваныя візіты ў Беларусь міністра знешняга гандлю і садзейнічання экспарту, міністра прамысловасці і міністра аховы здароўя Алжыра”.

“Прэзідэнт Алжыра выказаў зацікаўленасць у рэалізацыі сумесных праектаў па стварэнні вытворчасцей энерганасычаных трактароў, пасажырскай тэхнікі, збожжасушыльных комплексаў, дзіцячага харчавання, а таксама ў развіцці ўзаемадзеяння ў сферах фармацэўтыкі і адукацыі, — заяўляе МЗС. — Па выніках сустрэчы суразмоўцы падкрэслілі ўзаемную нацэленасць на паслядоўнае развіццё ўсебаковых беларуска-алжырскіх сувязяў і дамовіліся правесці ў лістападзе 2026 года другое пасяджэнне сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічнай і навукова-тэхнічнай супрацы”.

Пра тое, што Тэбун мае намер наведаць Беларусь, 6 жніўня 2026 года ў Мінску заявіў алжырскі дзяржаўны міністр, міністр замежных спраў, па справах нацыянальных супольнасцей за мяжой і афрыканскіх справах Ахмед Атаф. Чыноўнік перадаў Аляксандру Лукашэнку пасланне ад Тэбуна, у якім той пацвердзіў “глыбокае сяброўства” з беларускім палітыкам і гатоўнасць працаваць з ім “плячом ў плячо” для падвышэння ўзроўню двухбаковых стасункаў.

Гаспадар сустрэчы, у сваю чаргу, заявіў, што Мінск і Алжыр могуць рэалізаваць шэраг сумесных праектаў. Паводле яго слоў, Беларусь вырабляе прадукцыю, якая “сёння, а можа, і заўтра неабходная Алжыру”, і бакам варта паскорыць працу па канкрэтных дамоўленасцях. Палітык таксама заявіў, што “застаўся пад уражаннем” ад сустрэчы з Тэбунам у рамках свайго візіту ў гэтую арабскую краіну ў Паўночнай Афрыцы напрыканцы 2025 года.

Лукашэнка, сустракаючыся 26 траўня ў Мінску са старшынёй Нацыянальнага народнага сходу парламента Алжыра Ібрагімам Бугалі, заявіў пра “абсалютную спалучальнасць” эканомік дзвюх краін.

Нягледзячы на гучныя заявы палітыкаў і згаданы Лукашэнкам візіт у Алжыр, абедзве краіны не маюць дыпламатычных прадстаўніцтваў на тэрыторыі адна адной і акрэдытаваныя толькі на ўзроўні амбасадараў па сумяшчальніцтве.

На згаданай сустрэчы з Бугалі беларускі палітык заяўляў, што Алжыр і Мінск разглядаюць магчымасць адкрыць амбасады і арганізаваць прамыя авіязносіны паміж краінамі.

Лукашэнка наведваў Алжыр у снежні 2025 года — паміж пералётамі ў Аман. Пасля перамоў з алжырскім прэзідэнтам госць заявіў пра дасягнутую дамоўленасць давесці тавараабарот з Алжырам да 500 млн долараў. Пры гэтым прэс-служба візіцёра прыводзіла статыстыку двухбаковага гандлю, паводле якой па выніках 2024 года ўзаемны тавараабарот склаў “крыху больш за 49 млн долараў, з якіх практычна ўвесь аб’ём — гэта беларускі экспарт”.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Алжырам усталяваныя 24 кастрычніка 1995 года.

На сайце беларускай амбасады ў Егіпце, якое курыруе ў тым ліку стасункі з Алжырам, даных пра двухбаковы тавараабарот няма. Адзначаецца, што ў красавіку 2025 года ў Мінску праведзенае першае пасяджэнне сумеснай міжурадавай камісіі, а яе другое пасяджэнне плануецца правесці ў Мінску ў 2026 годзе.

“Патэнцыйнымі ключавымі кірункамі двухбаковай супрацы” названыя прамысловасць, сельская гаспадарка і харчовая бяспека, фармацэўтыка.

Падзяліцца: