Мінск 10:07

У Віцебскай вобласці ДАІ са стралянінай спыняла кіроўцу, больш за 30 разоў пакаранага за парушэнні ПДР, — ён затрыманы

18 лістапада, Позірк. Пра затрыманне ў Міёрскім раёне (Віцебская вобласць) 39-гадовага кіроўцы легкавога аўтамабіля ВАЗ, для спынення якога супрацоўнікі ДАІ адкрылі агонь па транспартным сродку, паведаміла прэс-служба МУС.

Паводле інфармацыі ведамства, паблізу Дзісны мужчына “праігнараваў патрабаванне інспектараў спыніцца і працягнуў рух”.

Пачаўся пераслед. На неаднаразовыя патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі кіроўца не рэагаваў, павялічваў хуткасць, “ствараючы пагрозу іншым удзельнікам дарожнага руху”: “Для спынення аўтамабіля <…> ўжылі табельную зброю”.

Як высветлілася, за рулём знаходзіўся 39-гадовы мясцовы жыхар “з відавочнымі прыкметамі алкагольнага ап’янення”. Удакладняецца, што раней ён 33 разы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнні правілаў дарожнага руху.

Мужчыну даставілі ў медыцынскую ўстанову для агляду, дзе ў яго ўзялі біялагічныя ўзоры для даследавання. Аўтамабіль змешчаны на ахоўную стаянку, а кіроўца пазней затрыманы і змешчаны ў ІЧУ.

Гэта другі выпадак спынення аўтамабіля са стралянінай у гэтым месяцы, пра які інфармавала МУС. Пра затрыманне ў Пухавіцкім раёне (Мінская вобласць) нецвярозага кіроўцы з выкарыстаннем табельнай зброі паведамлялася 1 лістапада.

Двойчы пра падобныя сітуацыі паведамлялася ў кастрычніку і таксама двойчы — у верасні. 

Падзяліцца: