Мінск 15:42

У Смаленскай вобласці спалена чарговая партыя заражаных руж, увезеная з Беларусі для маскоўскай кампаніі “Зефір”

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

18 лістапада, Позірк. Пра знішчэнне ў Смаленскай вобласці 300 эквадорскіх руж, якія везлі з Мінска ў Маскву для ТАА “Зефір”, паведаміла 17 лістапада Федэральная служба РФ па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд).

У кветках выяўлены каранцінны шкоднік — заходні кветкавы трыпс.

Партыя кветак выяўлена 15 лістапада пры даглядзе аўтамабіля ў Краснінскім раёне (Смаленская вобласць). У той жа дзень ружы былі спаленыя. Уладальніку грузу абвясцілі перасцярогу, гаворыцца ў паведамленні.

Як паведамляў “Позірк”, маскоўскай кампаніі “Зефір” прызначалася адна з дзвюх партый эквадорскіх руж, затрыманых 17 і 18 кастрычніка. Яшчэ дзве партыі для “Зефіру” — агулам 550 руж з Эквадора і Кеніі — затрымалі 30 кастрычніка і 4 лістапада. Ва ўсіх выпадках у кветках выявілі таго ж шкодніка.

Усяго з траўня гэтага года згаданы атрымальнік значыцца не менш чым у сямі паведамленнях “Рассельгаснагляду” аб выяўленні ў кветках, якія ўвозіліся з Беларусі, заходняга кветкавага трыпсу.

Як раней адзначаў “Позірк”, з пачатку гэтага года па стане на пачатак жніўня толькі упраўленнем Рассельгаснагляду па Смаленскай, Бранскай і Калужскай абласцях было спынена больш за два дзясяткі спробаў увозу з Беларусі розных раслін — у асноўным руж, заражаных кветкавым трыпсам.

Паводле інфармацыі ведамства, заходні кветкавы трыпс (Frankliniella occidentalis Perg.) шкодзіць усім агароднінным і большасці дэкаратыўна-кветкавых культур. Можа жыць ва ўсіх без выключэння кветках. Заселеныя імі лісце і кветкі хутка марнеюць і ападаюць. Пашкоджанне кветкавых пупышак выклікае дэфармацыю кветак і пладоў.

Заходні кветкавы трыпс бяспечны для чалавека, але можа прадстаўляць пагрозу харчовай бяспецы, паколькі пераносіць вірусныя захворванні раслін.

Падзяліцца: