Мінск 12:27

Латвія правярае паходжанне ўсяго збожжа, якое ўвозіцца з Беларусі і РФ

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

22 кастрычніка, Позірк. Служба дзяржаўных даходаў (СДД) Латвіі з верасня 2026 года правярае кожны груз са збожжам, які ўвозіцца з Беларусі і РФ, спрабуючы высветліць, ці не паходзіць яно з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны, заявіла генеральны дырэктар СДД Байба Шмітэ-Роке.

Паводле інфармацыі liepajniekiem.lv, СДД правярае дакументацыю, а Харчова-ветэрынарная служба (ХВС) бярэ пробы з транзітных грузаў збожжа і накіроўвае іх у лабараторыі ў Францыі і Вялікабрытаніі, каб высветліць паходжанне.

Калі вынікі пацвердзяць, што месцам паходжання збожжа з’яўляюцца акупаваныя РФ тэрыторыі Украіны, пра гэта будуць праінфармаваныя атрымальнікі прадукцыі, а ў Латвіі гэтая інфармацыя можа стаць падставай для абмежавання дзейнасці канкрэтнага перавозчыка і, магчыма, увядзення для яго забароны на далейшы транзіт збожжа па латвійскай тэрыторыі.

Гендырэктар СДД адзначыла, што за 9 месяцаў гэтага года аб’ём транзіту збожжа з РФ і Беларусі быў у 2,7 раза большы, чым летась.

Пры гэтым колькасць збожжавых, якія ўвозяцца транзітам з Беларусі, вырасла шматкроць, сведчаць даныя службы: за студзень — верасень — 131.417 тон (за аналагічны перыяд 2025 года — усяго 60,8 т).

З 1 да 6 кастрычніка з Расіі транзітам праз Латвію вывезена яшчэ 52.365 т збожжавых, а з Беларусі — 14.640 т.

Пры гэтым агулам з Беларусі летась транзітам было перамешчана 128 т збожжа, а сёлета за той жа перыяд — 146.000 т.

СДД нагадала, што нарматыўныя акты Еўрапейскага саюза ў цэлым і Латвіі ў прыватнасці цяпер не прадугледжваюць забароны на транзіт збожжавых прадуктаў. Пры гэтым дакументацыя Еўрасаюза ўсталёўвае забарону на ўвоз у ЕС любых тавараў, якія паходзяць з непадкантрольных ураду Украіны тэрыторый краіны.

У жніўні Украіна ўключыла ў санкцыйны спіс дзве беларускія кампаніі — ТАА “Растаграінвест” і ТАА “Трыал эксперт”. Адзначалася, што кампаніі “датычныя да незаконнага вывазу ўкраінскага збожжа з часова акупаваных тэрыторый Украіны”.

Падзяліцца: