Мінск 16:01

Грамадзянін Беларусі затрыманы ў Польшчы па справе аб кантрабандзе цыгарэт з дапамогай метэазондаў

Архіўнае відэа: Памежная ахова Польшчы / стоп-кадры і калаж: "Позірк"

22 кастрычніка, Позірк. Пяцярых чалавек, сярод якіх адзін беларускі грамадзянін, падазраваных у кантрабандзе цыгарэт з Беларусі ў Польшчу з дапамогай метэазондаў, затрымалі ў апошнія дні супрацоўнікі Падляскага аддзела Памежнай аховы Польшчы.

Прэс-служба ведамства 21 кастрычніка паведаміла, што падчас аператыўных мерапрыемстваў былі выяўленыя нелегальныя цыгарэты ацэначным коштам больш за 820 тыс. злотых (каля 211 тыс. долараў).

Траіх грамадзян Польшчы затрымалі супрацоўнікі памежнага паста ў Баброўніках, калі тыя прыехалі забраць цыгарэты. Ім выставілі абвінавачанні ў здзяйсненні фінансавых злачынстваў, а таксама ў рамках закона аб асаблівых мерах па супрацьдзеянні падтрымцы агрэсіі супраць Украіны і абароне нацыянальнай бяспекі. Адзін з затрыманых таксама знаходзіўся ў вышуку паліцыі ў сувязі з крадзяжом і неабходнасцю адбыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі.

Яшчэ дваіх мужчын затрымалі на месцы злачынства пры атрыманні нелегальных пасылак. Грамадзяніна Беларусі затрымалі супрацоўнікі памежнага паста ў Кузніцы, грамадзяніна Польшчы — супрацоўнікі паста ў Новым Двары разам з калегамі з Баброўнікаў. Абодвух на падставе рашэння суда змясцілі пад варту на тры месяцы. Заяўлена, што ім пагражае не менш за 3 гады пазбаўлення волі.

Асобна памежнае ведамства адзначыла, што пры садзейнічанні памежнікаў супрацоўнікі падраздзялення па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю ваяводскага ўпраўлення паліцыі ў Беластоку затрымалі яшчэ траіх чалавек, падазраваных у кантрабандзе цыгарэт з Беларусі з дапамогай метэазондаў.

Паведамляецца, што ад пачатку 2026 года супрацоўнікі Падляскага аддзела Памежнай аховы затрымалі агулам 47 чалавек, якіх падазраюць у такой кантрабандзе.

Падзяліцца: